Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2016, 09:01

У Беларусі прыняты папраўкі ў законы па пытаннях абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Папраўкі, што датычацца абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю, уносяцца законам Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2016 года нумар 362-З, апублікаваным сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Змяненні і дапаўненні ўносяцца ў законы аб правах дзіцяці, аб рэкламе, аб сродках масавай інфармацыі, аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, а таксама аб выдавецкай справе.

У прыватнасці, закон уводзіць маркіроўку інфармацыйнай прадукцыі з пазначэннем узроставай катэгорыі: "0+" (што значыць без абмежаванняў), "6+" (для асоб, якія дасягнулі шасці гадоў), а таксама катэгорыі "12+", "16+" і "18+". Папраўкі замацоўваюць абавязак юрыдычных асоб, ІП, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці і (або) распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, прысвойваць такой прадукцыі знак узроставай катэгорыі.

У дакуменце таксама сказана, што ўласнікі камп'ютарных клубаў, інтэрнэт-кафэ, іншых месц, у якіх забяспечваецца калектыўны доступ карыстальнікаў да інтэрнэту, установы адукацыі абавязаны прымяняць адміністрацыйныя, арганізацыйныя меры, праграмна-апаратныя і праграмныя сродкі, якія даюць магчымасць не дапусціць распаўсюджвання сярод дзяцей інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.

Згодна з законам, у мэтах каардынацыі дзейнасці пры ўрадзе Беларусі будзе створаны грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Яго рашэнні будуць мець рэкамендацыйны характар.

Асноўныя пункты закона ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі