Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 жніўня 2017, 17:43

У Беларусі пройдуць аздараўленне 80 дзяцей з Сірыі

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх лагерах пройдуць аздараўленне 80 дзяцей з Сірыі. Аб гэтым на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Ларыса Емяльянчык.

"Па запрашэнні кіраўніка дзяржавы ў Беларусі пройдуць аздараўленне 80 дзяцей з Сірыі. Іх будуць суправаджаць восем дарослых. Частка дзяцей будзе праходзіць аздараўленне ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня", другая частка адпачне ў лагеры "Крынічка", - сказала Ларыса Емяльянчык.

Госці з Сірыі прыбудуць у Беларусь 14 жніўня. Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня" Надзея Ануфрыева, расказваючы пра падрыхтоўку да сустрэчы сірыйскіх дзяцей, адзначыла, што падрыхтоўка вядзецца даўно і планамерна. "Мы прымем дзяцей з Сірыі гэтак жа, як і "Крынічка", - 40 дзяцей і чацвёра суправаджаючых дарослых. Да нас едуць сіроты, дзеці, якія разам з бацькамі перажылі палон, дзеці з прытулкаў", - паведаміла Надзея Ануфрыева.

Супрацоўнікамі беларускіх лагераў вывучаны пытанні, што датычацца асаблівасцей харчавання гасцей, іх адзення, паводзін, гігіенічных патрабаванняў. "Мы падрыхтавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, кадры, знайшлі перакладчыкаў, склалі праграму, - адзначыла кіраўнік цэнтра "Зубраня". - Будуць створаны камфортныя бытавыя ўмовы для адпачынку і аздараўлення".

З улікам таго, што дзеці на радзіме перанеслі эмацыянальныя і фізічныя траўмы, упор у рабоце з імі будзе зроблены на аздараўленне. Дзяцей абследуюць у Мінскай абласной дзіцячай бальніцы ў Бараўлянах. Яны пройдуць усіх урачоў, у тым ліку вузкіх спецыялістаў. Затым у адпаведнасці са станам здароўя ім будзе прадастаўлена неабходнае санаторна-курортнае лячэнне. "У нас другі год дзейнічае сучасны медыцынскі цэнтр. У ім можна атрымаць бальнеалагічнае лячэнне, фізіятэрапеўтычнае, пацыентам даступна стаматалагічная дапамога і шмат іншага. Мы маем і магчымасці, і вопыт такой работы і з задавальненнем будзем сустракаць сірыйскіх дзяцей", - падкрэсліла Надзея Ануфрыева.

Акрамя медыцынскага складніка госці з Сірыі змогуць азнаёміцца з Беларуссю бліжэй. Для дзяцей арганізуюць серыю экскурсій. Сярод знакавых мясцін - Мірскі замак, Нясвіж, Нарачанскае кальцо, экскурсія ў Мінск. "І, вядома, наша задача - забяспечыць дзецям стасункі. Іх чакае вясёлая праграма з дзіцячымі конкурсамі, гульнямі і забавамі. У нас ёсць шмат атракцыёнаў. Дзеці будуць скакаць на батутах, плаваць у басейне, катацца на веласіпедах, роліках, скейтах і гіраскутарах. У іх распараджэнні будуць футбольныя палі, гандбольныя і валейбольныя пляцоўкі", - адзначыла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі