Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 жніўня 2017, 15:11

У Беларусі прапануецца змяніць форму некалькіх падагульняючых школьных экзаменаў

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапануецца змяніць форму некалькіх падагульняючых школьных экзаменаў, паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каменціруючы перспектывы фарміравання сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, у прыватнасці стварэння спецыяльнага агенцтва, Вадзім Богуш адзначыў, што гэта тэма абмяркоўваецца ў ліку іншых. У многіх педагогаў яна знаходзіць станоўчы водгук. "Мы не прапануем увядзенне дадатковага інстытута. Трэба разумець, што гэта ўдасканаленне таго, што ёсць. Шэраг падагульняючых экзаменаў набудуць іншую форму", - сказаў Вадзім Богуш. Якой яна будзе і як будзе адбывацца гэта трансфармацыя - якраз і паслужыць прадметам для абмеркавання, растлумачыў першы намеснік міністра.

Рэспубліканскі педагагічны савет пачаў сваю работу 23 жніўня. У першы дзень педсавета праводзяцца пасяджэнні тэматычных секцый, круглыя сталы. Спецыялісты абмяркоўваюць шырокае кола пытанняў, у тым ліку сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад, які здольна ўнесці прафадукацыя ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі для вышэйшай школы. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі - развіццё інклюзіўнай адукацыі, актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, падрыхтоўка педагагічных кадраў.

Рэспубліканскі педсавет прадоўжыць сваю работу 24 жніўня на пленарным пасяджэнні. Яго ўдзельнікі змогуць таксама азнаёміцца з выстаўкай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, узораў новых тэхналогій у сферы адукацыі.

У савеце прымуць удзел амаль 1 тыс. педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржкіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза. Мэта форуму - вызначыць задачы на 2017/2018 навучальны год, абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы да 2020 года і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.

Галоўны пасыл гэтых канцэптуальных падыходаў - у пераходзе на абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Такі крок, як адзначалі ў Мінадукацыі, выступіць гарантам паспяховай сацыялізацыі беларускай моладзі. У Кодэксе аб адукацыі закладзены заканадаўчы калідор для гэтай навацыі. Агульную сярэднюю адукацыю ў Беларусі атрымліваюць практычна ўсе выпускнікі школ, ліцэяў і каледжаў, што сведчыць аб гатоўнасці грамадства да такога кроку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі