Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 ліпеня 2019, 17:39

У Беларусі плануецца ўзмацніць пакаранне за п'яныя ДТЗ са смяротным канцом

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца ўзмацніць пакаранне для п'яных вадзіцеляў, у прыватнасці за ДТЗ са смяротным канцом. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак.

Генпракуратура сумесна з Саветам Міністраў, Вярхоўным судом і Адміністрацыяй Прэзідэнта падрыхтавала прапановы аб узмацненні адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап'янення. Так, плануецца ўнесці змяненні ў Крымінальны кодэкс. Цяпер вадзіцелю за п'янае ДТЗ, калі па яго віне чалавек загінуў або атрымаў цяжкія траўмы, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. У выпадку прыняцця паправак пакаранне стане больш строгім - пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Новаўвядзенне будзе датычыцца і правіл бяспекі руху або эксплуатацыі маламерных суднаў. Такое ж пакаранне плануецца прадугледзець і для п'яных суднавадзіцеляў за няшчасныя выпадкі на вадзе са смяротным канцом. Цяпер санкцыя ч.4 арт.316 КК - гэта пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.

Акрамя таго, прапануецца п'яных вадзіцеляў - віноўнікаў смяротных ДТЗ, а таксама тых, хто перадаў нецвярозаму транспартны сродак, пазбаўляць права кіравання ім на тэрмін да 8 гадоў (цяпер да 5 гадоў).

Шэраг паправак плануецца ўнесці ў КоАП і ПВКоАП. У арт.18.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануецца прапісаць дыферэнцыраваную адказнасць у залежнасці ад канцэнтрацыі алкаголю ў крыві або парах паветра, што выдыхае вадзіцель. ПВКоАП (ч.8 арт.8.7, накладанне арышту на маёмасць) плануецца дапоўніць нормай, якая дае магчымасць накладаць арышт на транспартны сродак вадзіцеля, які папаўся на п'янай яздзе, перадаў нецвярозаму права кіравання, а таксама сеў за руль без правоў. Гэта дасць магчымасць забяспечыць спагнанне штрафаў за парушэнні па арт.18.16 і 18.19 КоАП, растлумачыла Анжаліка Курчак.

Прапанаваныя ініцыятывы ўключаны ў праект закона "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці". Ён падрыхтаваны Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і цяпер праходзіць узгадненне ў зацікаўленых дзяржорганах. Плануецца, што ў Палату прадстаўнікоў папраўкі паступяць у красавіку 2020 года.

Анжаліка Курчак падкрэсліла актуальнасць заканадаўчых мер, накіраваных на ўзмацненне адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап'янення. "Сітуацыя застаецца напружанай. У прыватнасці, па-ранейшаму значная колькасць крымінальных злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з парушэннем правіл дарожнага руху нецвярозымі вадзіцелямі", - канстатавала афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі