Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 лістапада 2017, 14:08

У Беларусі плануецца развіваць прымяненне адытыўных тэхналогій у ахове здароўя

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца развіваць прымяненне адытыўных тэхналогій у ахове здароўя, паведаміў сёння журналістам дырэктар Інстытута парашковай металургіі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Ільюшчанка пасля семінара "3D-прынтары: перспектывы прымянення і развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Парашковая металургія дзякуючы адытыўным тэхналогіям атрымала другое жыццё, таму што ў тэхналогіях 3D-друку актыўна выкарыстоўваюцца парашкі - у палімерных і металапалімерных, металічных і металакерамічных сплавах. Вырабы, створаныя дзякуючы адытыўным тэхналогіям, выкарыстоўваюцца і ў медыцыне, і ў прамысловасці, у тым ліку ў такіх высокатэхналагічных галінах, як авіяцыйная і касмічная. Але найбольшую цікавасць праяўляе менавіта ахова здароўя. Мы вырабляем імплантаты з дапамогай адытыўных тэхналогій. Гэты напрамак будзе развівацца", - сказаў Аляксандр Ільюшчанка. Адытыўныя тэхналогіі перспектыўныя для прымянення ў траўматалогіі, артапедыі і сківічна-тварнай хірургіі.

Адытыўнымі тэхналогіямі займаецца не толькі Інстытут парашковай металургіі НАН, але і іншыя навуковыя арганізацыі, у тым ліку Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН, які рэалізуе праекты па спецыяльных тэхналогіях вытворчасці сыравіны для 3D-друку, а таксама шэраг беларускіх універсітэтаў.

Тыдзень адытыўнай вытворчасці праходзіць у НАН з 30 кастрычніка па 3 лістапада. Гэта адно з мерапрыемстваў Года навукі ў Беларусі. Вучоныя і спецыялісты НАН, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў разглядаюць сучасны стан і тэндэнцыі развіцця 3D-тэхналогій у Беларусі. Цэнтральнай падзеяй стаў 8-ы навукова-вытворчы семінар "3D-прынтары: перспектывы прымянення і развіцця", у час якога абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі і абсталяванне для адытыўных тэхналогій, а таксама трохмерны друк тканкавых эквівалентаў чалавека.

Сёння ў ДНВА парашковай металургіі НАН прадстаўлена выстаўка вырабаў, створаных з дапамогай адытыўных тэхналогій. Яны прымяняюцца ў аэракасмічнай прамысловасці, пры вытворчасці медыцынскіх імплантатаў і інструментаў, ювелірных вырабаў і аб'ектаў дызайну, сістэм ахалоджвання мікраэлектронікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі