Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 сакавіка 2017, 17:11

У Беларусі плануецца поўнасцю забараніць курэнне на прыпынках і дзіцячых пляцоўках

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца поўнасцю забараніць курэнне на прыпынках грамадскага транспарту, дзіцячых пляцоўках і пляжах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык.

Міністэрства аховы здароўя ініцыіравала ўнясенне змяненняў у дэкрэт нумар 28, дзякуючы якім намечаны чарговыя крокі ў барацьбе з тытунекурэннем. Для стварэння бездымнага асяроддзя прапануецца падзяліць месцы, у якіх забараняецца курэнне, на дзве катэгорыі: з поўнай забаронай і са спецыяльна прызначанымі для курэння месцамі.

Да месц, у якіх прапануецца ўстанавіць поўную забарону, аднесены прыпынкі грамадскага транспарту, пераходы метрапалітэна, дзіцячыя пляцоўкі, памяшканнi, занятыя арганізацыямі фізічнай культуры і спорту. У гэтым спісе таксама пляжы і ліфты. Прапануецца забараніць курэнне ў аўтамабілях і памяшканнях, калі ў іх прысутнічаюць дзеці да 14 гадоў. Да месц, у якіх курэнне забаронена за выключэннем спецыяльна створаных для гэтай мэты, прапануецца аднесці гандлёвыя аб'екты і рынкі, аб'екты бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання, памяшканні і тэрыторыі, занятыя дзяржорганамі, установамi адукацыi, арганiзацыямi культуры і аховы здароўя, арганізацыі, што аказваюць паслугі сувязі, сацыяльныя, банкаўскія, страхавыя, гасцінічныя і іншыя паслугі і г.д. Патрабаванні да спецыяльна прызначаных для курэння месц будуць устанаўлівацца Міністэрствам аховы здароўя і МНС.

Аб'екты, дзе курэнне тытунёвых вырабаў забаронена, плануецца абазначыць адпаведным знакам, патрабаванні да якога, а таксама парадку яго размяшчэння ўстановіць Міністэрства аховы здароўя.

Згодна з данымі апошніх сацыялагічных даследаванняў, у Беларусі курыць 27,9 працэнта дарослага насельніцтва, значная частка насельніцтва падвяргаецца пасіўнаму курэнню. Так, больш за палавіну апытаных вымушаны знаходзіцца побач з курцамі ў розных месцах (дома, у гасцях, на рабоце і г.д.).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі