Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2016, 12:22

У Беларусі на ўліку па бясплоднасці знаходзяцца 12 тыс. сямейных пар

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на ўліку па бясплоднасці знаходзяцца 12 тыс. сямейных пар, паведаміла галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Юлія Савачкіна ў час рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Інавацыйныя тэхналогіі ў рэпрадуктыўнай медыцыне" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі распаўсюджанасць бясплоднасці складае 15-16 працэнтаў. Пад наглядам спецыялізаваных кабінетаў і аддзяленняў наконт жаночай бясплоднасці знаходзяцца амаль 12 тыс. пар. На жаль, вастрыня праблемы ўзрастае з кожным годам", - канстатавала Юлія Савачкіна. Прычыны бясплоднасці ў шлюбе разнастайныя. Гэта спалучэнне мужчынскага і жаночага фактараў, мужчынскі ці жаночы фактар паасобку або бясплоднасць незразумелага генезу.

Эфектыўнасць лячэння залежыць ад таго, калі пацыентка звярнулася па дамогу да медыкаў. Калі гэта адбылося своечасова - у 25-30 гадоў, эфектыўнасць лячэння бясплоднасці складае 55-80 працэнтаў. Аднак сёння гэта адбываецца не вельмі часта, паколькі сямейныя пары ў гэтым узросце арыентаваны на фінансавы дабрабыт, дасягненне кар'ерных і сацыяльных мэт, адзначыла галоўны акушэр-гінеколаг. Эфектыўнасць лячэння бясплоднасці пры звароце пацыенткі ва ўзросце 35-40 гадоў ніжэйшая - 20-25 працэнтаў, у парах старэйшых за 40 гадоў гэты паказчык складае 10-15 працэнтаў.

У краіне створаны ўсе ўмовы для больш ранняй рэалізацыі рэпрадуктыўных установак, цяжарнасці і родаў у жанчын, якія плануюць цяжарнасць, паўторна нараджаюць, якія па нейкіх прычынах не маглі мець раней дзяцей. У краіне функцыянуюць цэнтры дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. У дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя ў 2015 годзе выканана 1,5 тыс. закончаных цыклаў экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Цяжарнасць надыходзіць у 40-41 працэнце выпадкаў. Дзяржавай падтрымліваецца правядзенне бясплатных цыклаў падсадкі эмбрыёнаў у праграме трэцяга па ліку ЭКА.

Арганізатары форуму - Міністэрства аховы здароўя, Асацыяцыя акушэраў-гінеколагаў, цэнтр дапаможай рэпрадукцыі "Эмбрыа". У час канферэнцыі будзе прадстаўлена больш за 50 навуковых дакладаў спецыялістаў з розных краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі