Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 верасня 2017, 14:18

У Беларусі на кожнага беспрацоўнага - па дзве вакансіі, у Мінску - па чатыры

12 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на кожнага беспрацоўнага ўмоўна прыпадае дзве вакансіі, а ў Мінску - амаль чатыры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

Апошнія месяцы ў цэлым па рэспубліцы адзначаецца рост колькасці вакансій: так, за жнівень іх стала больш на 1,9 тыс., за ліпень - на 1 тыс., за чэрвень - на 4 тыс., а ў цэлым за мінулы год - у 1,5 раза. Так, на 1 верасня 2016 года свабодных рабочых месц у краіне было 37,4 тыс., а на 1 верасня 2017-га - ужо 56,6 тыс. Што датычыцца сталіцы, то тут на 1 верасня бягучага года на 3,6 тыс. зарэгістраваных беспрацоўных прыпадала больш за 13,5 тыс. вакансій.

Магчымасць умоўнага працаўладкавання беспрацоўных на вакансіі ў цэлым па краіне павялічылася больш як удвая: з 87,8 працэнта да 190,7 працэнта. Прыкметна вырас попыт наймальнікаў на рабочыя кадры: за год удзельная вага вакансій для рабочых павялічылася з 54,4 працэнта да 58,9 працэнта.

Паводле слоў Алега Такуна, жнівень-верасень - месяцы максімальнай занятасці насельніцтва. Попыт наймальнікаў на рабочую сілу павышаецца, у тым ліку за кошт актыўных сельгасработ. У кастрычніку традыцыйна назіраецца прыток зваротаў за садзейнічаннем у працаўладкаванні. Гэта тлумачыцца завяршэннем часовых і сезонных работ, заканчэннем масавых сельгаскампаній. Да паслуг службы занятасці звяртаюцца і маладыя людзі, якія не паступілі ва ўстановы адукацыі або не атрымалі працоўнае месца пасля заканчэння навучальнай установы. "У кастрычніку не выключаны рост рэгістрацыі беспрацоўных і павышэнне яе ўзроўню", - выказаў меркаванне субяседнік. Ён дадаў, што з кастрычніка пачнецца больш актыўнае фарміраванне груп на прафнавучанне, у тым ліку пад заказ наймальнікаў (з гарантыяй далейшага працаўладкавання). Дарэчы, за восем месяцаў бягучага года прайшлі навучанне запатрабаваным на рынку працы спецыяльнасцям або павысілі існуючую кваліфікацыю 7,2 тыс. чалавек (на 17,4 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), накіраванне на навучанне атрымалі ў бягучым годзе ўжо 7,1 тыс. чалавек.

У Беларусі колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, за жнівень зменшылася на 1,5 тыс. чалавек (дарэчы, за ліпень - на 2,9 тыс., за чэрвень - на 3,3 тыс. чалавек), а ў цэлым за мінулы год - на 30,4 працэнта. На 1 верасня бягучага года на ўліку па беспрацоўі знаходзілася 29,7 тыс. чалавек (на 1 верасня 2016 года было зарэгістравана ў якасці беспрацоўных больш за 42,6 тыс. жыхароў Беларусі). Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі знізіўся за год з 1,1 да 0,5 беспрацоўнага на адну вакансію.

Паводле аператыўных даных, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі за жнівень не змяніўся - на 1 верасня гэты паказчык захаваўся на адзнацы 0,7 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва рэспублікі (для параўнання: на 1 верасня мінулага года - 1 працэнт). Зарэгістраванае беспрацоўе за жнівень бягучага года знізілася на 0,1 працэнтнага пункта ў Мінску (з 0,4 працэнта да 0,3 працэнта) і ў Гродзенскай вобласці (з 0,8 працэнта да 0,7 працэнта). У астатніх рэгіёнах рэспублікі яно засталося на ранейшым узроўні: у Брэсцкай і Віцебскай абласцях - 0,9 працэнта, у Гомельскай і Магілёўскай - 0,8 працэнта, у Мінскай вобласці - 0,7 працэнта.

За восем месяцаў на створаныя рабочыя месцы і існуючыя вакансіі пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана на пастаянную работу 126,9 тыс. чалавек, з іх 78,9 тыс. беспрацоўных. Асаблівая ўвага ўдзяляецца працаўладкаванню беспрацоўных, маючых дадатковыя гарантыі занятасці, падкрэсліў Алег Такун.

Усяго ў студзені-жніўні 2017 года звярнуліся за садзейнічаннем у пошуку рабочага месца 176,9 тыс. чалавек - на 6,4 працэнта больш да адпаведнага перыяду мінулага года. Амаль 114,1 тыс. былі прызнаны беспрацоўнымі (на 0,4 працэнта больш). Што датычыцца рэгістрацыі ў службе занятасці вызваленых работнікаў, то ў студзені-жніўні пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных 1240 чалавек, якія страцілі рабочае месца ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэннем колькасці або штату работнікаў (у студзені-жніўні мінулага года - 2109 чалавек).

За восем месяцаў арганізаваны ўдзел у аплатных грамадскіх работах (АГР) 36,4 тыс. чалавек, у тым ліку 30,3 тыс. беспрацоўных.

На новае месца жыхарства і работы ў бягучым годзе пераселена 109 сем'яў беспрацоўных, з іх у Віцебскай вобласці - 37. Змянілі сталічную прапіску на рэгіянальную і дзве сям'і беспрацоўных мінчан.

Як раней паведамлялася, меры актыўнай палітыкі занятасці ў бягучым годзе рэалізуюцца ў адпаведнасці з падпраграмай "Садзейнічанне занятасці насельніцтва" дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. Сярод асноўных задач падпраграмы - забеспячэнне збалансаванасці попыту і прапанавання рабочай сілы на рынку працы, садзейнічанне павышэнню якасці працоўных рэсурсаў і росту канкурэнтаздольнасці рабочай сілы, стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва, уключэнне ў працоўную дзейнасць эканамічна неактыўнага насельніцтва (інваліды, жанчыны, маючыя малалетніх дзяцей, асобы пенсійнага ўзросту і інш.), удасканаленне інстытуцыянальных, арганізацыйных і фінансавых механізмаў садзейнічання занятасці насельніцтва. На рэалізацыю падпраграмы ў 2017 годзе прадугледжваецца накіраваць Br38,9 млн, у тым ліку Br38 млн са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі (на рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў 2016 годзе зрасходавана больш за Br28,7 млн).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі