27 студзеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі магчымы перагляд патрабаванняў страхавога стажу для некаторых катэгорый людзей з працяглымі "крэдытнымі" перыядамі. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра растлумачыў, што новыя патрабаванні па страхавым стажы для назначэння працоўнай пенсіі могуць быць перагледжаны ў адносінах да жанчын, якія нарадзілі чацвярых дзяцей (для тых, хто нарадзіў пяць дзяцей, захаваны нізкі парог страхавога стажу).
Да нядаўняга часу мінімальны перыяд фарміравання права на пенсію складаў 5 гадоў. Гэта значыць для назначэння пенсіі па ўзросце дастаткова было папрацаваць з выплатай абавязковых страхавых узносаў толькі 5 гадоў, пры гэтым пенсія выплачвалася ў сярэднім 20 гадоў. І такая сітуацыя захоўвалася даволі доўга, падкрэсліў Валерый Кавалькоў.
Ва ўмовах росту патрэбнасці ў пенсійных сродках у Беларусі былі вымушаны пайсці на павышэнне мінімальнага страхавога стажу. У 2014 годзе ён быў павялічаны да 10 гадоў, у 2015 годзе - да 15 гадоў. З разлікам на чаканы эфект ад павышэння пенсійнага ўзросту прынята рашэнне аб запаволенні тэмпаў павышэння страхавога стажу: цяпер ён павялічваецца больш плаўна - штогод на 6 месяцаў. Да 2025 года патрабуемы стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў дасягне 20 гадоў. Такім чынам, перыяды "зарабляння" і атрымання пенсіі будуць прыкладна аднолькавымі. "Кожны, хто разлічвае ў будучым атрымліваць працоўную пенсію, павінен хаця б мінімальна прыняць удзел у фарміраванні пенсійных правоў - працаваць і выплачваць абавязковыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, - сказаў намеснік міністра. - Пенсійная сістэма - не толькі сацыяльны, але і фінансавы інстытут. З пункту гледжання захавання фінансавага балансу перыяд фарміравання права на пенсію і перыяд рэалізацыі гэтага права (г.зн. атрыманне пенсіі) павінны быць, як мінімум, прыкладна аднолькавымі. Лічыцца аптымальным, калі працягласць гэтых перыядаў суадносіцца як два да аднаго".
Валерый Кавалькоў падкрэсліў, што новыя патрабаванні да мінімальнага страхавога стажу - ад 16 гадоў у 2017 годзе да 20 гадоў у 2025-м - у цэлым прымальныя. "Стаж фарміруецца на працягу ўсяго працаактыўнага перыяду жыцця. За 40-45 гадоў, нават адхіляючыся на вучобу, ваенную службу, догляд дзяцей, выпрацаваць яго рэальна. Так, нават калі чалавек праходзіў ваенную службу 15-19 гадоў, ёсць яшчэ каля 25 гадоў, каб адпрацаваць патрабуемы стаж, - лічыць Валерый Кавалькоў. - Паводле нашых назіранняў, адсутнасць мінімальнага страхавога стажу ў большасці выпадкаў тлумачыцца істотнымі перапынкамі ў рабоце. Магчыма, мела месца неафіцыйная занятасць. Аднак гэта не павінна станавіцца падставай да змякчэння ўмоў назначэння пенсій".
Пры гэтым, прызнаў прадстаўнік міністэрства, у адносна сацыяльна слабаабароненым становішчы аказаліся жанчыны, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, - "крэдытны" перыяд у іх можа скласці каля 16 гадоў у сувязі з водпускамі па доглядзе дзяцей да 3 гадоў. Гэта сітуацыя будзе дадаткова вывучана, праінфармаваў намеснік міністра.
У той жа час, дадаў ён, прапановы аб уключэнні ў страхавы стаж "не страхавых" перыядаў (напрыклад, ваеннай службы, догляду малалетніх дзяцей, дзяцей-інвалідаў, састарэлых) не падтрымліваецца, паколькі для іх рэалізацыі спатрэбяцца дадатковыя сродкі.
Пастаяннай камісіяй у Палаце прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях арганізавана пасяджэнне круглага стала па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы. У ім прымаюць удзел парламентарыі, прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства фінансаў, сілавых міністэрстваў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Удзельнікі пасяджэння абмяркоўваюць бягучую сітуацыю ў пенсійным забеспячэнні, разглядаюць пытанні мадэрнізацыі інстытута пенсійнай сістэмы з захаваннем сацыяльна-страхавога прынцыпу яе функцыянавання, а таксама забеспячэння балансу даходаў і расходаў пенсійнай сістэмы ва ўмовах старэння насельніцтва і інш.-0-