Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 верасня 2018, 14:02

У Беларусі распрацуюць палажэнне аб рэалізацыі тавараў і паслуг па падарачных сертыфікатах

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будзе распрацавана палажэнне аб рэалізацыі тавараў, работ, паслуг па падарачных сертыфікатах або іншым такім дакуменце, паведаміла сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

МАРГ працуе над падрыхтоўкай гэтага палажэння. "Плануецца ўстанавіць магчымасць вяртання сертыфіката спажыўцом на працягу тэрміну яго дзеяння, устанавіць абавязак прадаўца выдаць спажыўцу здачу, калі ён набыў тавар на суму меншую, чым адзначана ў сертыфікаце. Прапануецца ўвесці патрабаванні, згодна з якімі прадавец мае права ўстанавіць парадак і ўмовы рэалізацыі тавараў, работ і паслуг па сваіх падарачных сертыфікатах і парадак рэалізацыі саміх сертыфікатаў. Пры гэтым не дапускаецца ўстанаўліваць умовы, якія скарачаюць або спыняюць тэрмін дзеяння сертыфіката без правядзення здзелкі па гэтым дакуменце", - сказала Ірына Барышнікава.

У міністэрства паступаюць звароты па гэтым пытанні. "У нас ужо быў судовы разбор. Мы выдалі прадпісанне суб'екту гаспадарання, які яго аспрэчыў. Мы адстаялі гэта прадпісанне ў судзе і, прааналізаваўшы дагавор, па якім рэалізоўваліся падарачныя сертыфікаты, убачылі там нормы, якія ўшчамляюць правы спажыўцоў, таму палічылі неабходным урэгуляваць гэту тэму", - адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення.

Яна падкрэсліла, што ў спажыўца заўсёды павінна быць права выбару. "Цяпер сертыфікаты разглядаюцца як нейкая кабала, інакш кажучы ты яго набыў і павінен абавязкова выкарыстаць. Але пры гэтым заканадаўства дае магчымасць нам скасаваць дагавор куплі-продажу, платнага аказання паслуг, таму павінна быць магчымасць вяртання сертыфіката. Акрамя таго, сума, абазначаная ў сертыфікаце, - гэта тыя ж грошы, таму спажывец мае права атрымаць здачу", - рэзюмавала Ірына Барышнікава.

Палажэнне аб рэалізацыі тавараў, работ, паслуг па падарачных сертыфікатах або іншым такім дакуменце павінна быць распрацавана да 23 снежня, да даты ўступлення ў сілу закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў". Пры гэтым Ірына Барышнікава адзначыла, што Беларусь першая на постсавецкай прасторы распрацоўвае такі дакумент.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі