Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2019, 12:05

У Беларусі будуць распрацоўваць новыя лякарствы ад анкалогіі

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануюць распрацоўваць новыя лякарствы ад анкалагічных і інфекцыйных захворванняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай дыягностыкі і біятэхналогіі Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Гілеп.

"Наша мэта - стварэнне навуковай асновы для распрацоўкі лекавых сродкаў новага пакалення ад анкалагічных і інфекцыйных захворванняў. Трэба знайсці новыя кропкі прымянення (мішэні), супраць якіх і будуць накіраваны прэпараты. Колькасць гэтых мішэней вельмі вялікая, і мы паступова, крок за крокам, вывучаем самыя важныя з іх. Для гэтага неабходны комплексныя даследаванні па малекулярнай ідэнтыфікацыі і структурна-функцыянальным аналізе ферментаў", - сказаў Андрэй Гілеп. На гэтыя даследаванні прадастаўляецца грант Прэзідэнта Беларусі на 2019 год.

Гранты Прэзідэнта Беларусі на 2019 год будуць прадастаўлены 103 работнікам арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Сродкі выдзеляць на даследаванні і распрацоўкі ў галіне фізіка-матэматычных, тэхнічных, медыцынскіх, біялагічных, хімічных, сельскагаспадарчых, эканамічных навук. У прыватнасці, адзін з грантаў будзе прадастаўлены на распрацоўку, якая пасадзейнічае зніжэнню колькасці адходаў ААТ "Беларуськалій" і скарачэнню плошчы зямель, што выводзяцца з абароту пад іх захоўванне. "Гэта важная экалагічная праблема, якая апошнія гады стаіць вельмі востра. Утвараюцца адходы двух відаў: цвёрдыя і вадкія. Вадкія ўяўляюць сабой суспензію з насычанага, канцэнтраванага салявога раствору. Гэты від адходаў размешчаны ў спецыяльных шламасховішчах. Нашай задачай было прапанаваць тэхналогію комплекснай перапрацоўкі гэтых адходаў. Мы правялі вялікую работу, і сёння ў нас ужо ёсць рэсурсазберагальная тэхналогія фазавага размеркавання глініста-салявых адходаў калійнай вытворчасці. Будзем тэсціраваць гэту тэхналогію", - адзначыла загадчыца лабараторыі палімеразмяшчальных дысперсных сістэм Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Алена Вараб'ёва.

Грант атрымае і праект, накіраваны на ўдасканаленне прадукцыі машынабудавання і электронных устройстваў. "Мы мадэлюем асобныя складаныя самаарганізуемыя працэсы. Праект накіраваны на вывучэнне тэарэтычных асноў узнікнення хаатычных хвалевых працэсаў у планетарных сістэмах, аэрагідрадынамічных устройствах і электронных схемах. Але ў яго ёсць і практычнае прымяненне, напрыклад для ўдасканалення збожжа- і корбаўборачных камбайнаў, павышэння каэфіцыента карыснага дзеяння турбін. У прыватнасці, мы працуем з "Гомсельмашам", - растлумачыў загадчык лабараторыі мадэлявання самаарганізуемых сістэм Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Аляксандр Крот.

Акрамя таго, грант прадастаўляецца намесніку дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Максіму Багдановічу. Мэта яго праекта - стварэнне моцных імпульсных цалкам цвердацельных лазераў з папярочным дыёдным напампоўваннем і няўстойлівым рэзанатарам з прасторавым фільтрам. Гэтыя лазеры будуць мець высокія прасторавыя, часавыя і энергетычныя характарыстыкі выпрамянення і прымяняцца ў тэхналагічных сістэмах і сістэмах спецыяльнага прызначэння.

Будуць падтрыманы праекты, што датычацца лазерна-аптычных сістэм, беспілотнікаў, оптаэлектроннай тэхнікі, мікраэлектронікі. У НАН Беларусі адзначылі, што прадастаўленне грантаў Прэзідэнта работнікам арганізацый навукі накіравана на падтрымку таленавітых спецыялістаў у правядзенні прыярытэтных для краіны навуковых даследаванняў і распрацовак, а таксама на стымуляванне інавацыйнай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі