Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 кастрычніка 2017, 09:00

У Беларусі аб'яўлены конкурсы для маладых журналістаў і маладзёжных парламентаў

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі сумесна з Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі аб'явіў два конкурсы ў рамках ініцыятывы "Горад, дружалюбны дзецям", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ЮНІСЕФ.

Першы конкурс - сярод дзіцячых і маладзёжных парламентаў, другі - сярод маладых журналістаў. Абодва праводзяцца з кастрычніка 2017 па сакавік 2018 года. Прычым работы, пададзеныя да 2 лістапада бягучага года, будуць прадстаўлены на глабальны конкурс сярод юных журналістаў з гарадоў, дружалюбных дзецям. Лепшыя конкурсныя матэрыялы размесцяць у выпуску газеты ЮНІСЕФ, прымеркаваным да дня прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці (20 лістапада).

Рэспубліканскі конкурс на лепшы дзіцячы і маладзёжны парламенты праводзіцца з мэтай актывізацыі іх дзейнасці, абмену вопытам, рэалізацыі сацыяльна значных праектаў у інтарэсах дзяцей і моладзі, папулярызацыі развіцця ініцыятывы "Горад, дружалюбны дзецям". Рэспубліканскі конкурс сярод маладых журналістаў накіраваны на выяўленне таленавітых дзяцей і моладзі, стымуляванне творчай і грамадскай актыўнасці. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца юныя журналісты ад 13 да 21 года з гарадоў Беларусі, якія рэалізуюць ініцыятыву "Горад, дружалюбны дзецям".

Журы вызначыць пераможцу конкурсаў (I месца) і прызёраў (II, III месца), яны будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і ЮНІСЕФ, а таксама прызамі.

Праект па рэалізацыі міжнароднай ініцыятывы "Горад, дружалюбны дзецям" пілатаваў у Беларусі ў 2007 годзе. Першым горадам, дзе мясцовыя ўлады выказалі жаданне аб'яднаць намаганні і зрабіць свой населены пункт дружалюбным у адносінах да дзяцей і моладзі, стаў Светлагорск. У 2008-2011 гадах да ініцыятывы далучыліся Пружаны, Пінск, Добруш, Барысаў, Гродна, Гомель, Брэст, Наваполацк, Ліда, Шклоў, у 2012-2013 гадах - Мінск, Полацк, Мазыр, Касцюковічы, Горкі, Навагрудак, Жодзіна, Салігорск, Маладзечна, Слуцк, Магілёў, у 2016 годзе - Баранавічы, Орша і Ваўкавыск. У выніку - 25 гарадоў.

Згодна з рашэннем рэспубліканскага каардынацыйнага савета 10 гарадам краіны прысвоена званне "Горад, дружалюбны дзецям". Адпаведныя сертыфікаты ўжо ўручаны Брэсту, Наваполацку, Полацку, Пінску, Пружанам, Жодзіну, Салігорску, Баранавічам, Навагрудку і Мінску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі