Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 ліпеня 2017, 15:08

У Беларусь прыйшло лета: у выхадныя будзе горача

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарачае надвор'е і ападкі чакаюцца ў Беларусі ў бліжэйшыя выхадныя, паведаміла БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

"Лета ўсё ж прыйшло ў Беларусь. Тэмпературны фон ліпеня вярнуўся ў кліматычнае рэчышча, і ў апошнюю дэкаду ліпень спрабуе кампенсаваць дэфіцыт цяпла першай палавіны месяца", - расказала спецыяліст. Прагрэлася вада ў рэках і вадаёмах: на Бярэзіне, Дняпры, Прыпяці і Сожы - да плюс 20-23 градусаў, на Заходняй Дзвіне і Нёмане - да 19-21, на Заслаўскім і Вілейскім вадасховішчах - да 19 і 21 градуса адпаведна, на возеры Нарач - 20 градусаў.

"А вось на дажджы ліпень аказаўся шчодрым, - адзначыла Святлана Рыбакова. - Па заходняй палавіне рэспублікі па дажджах перавышаны ўжо месячны ліміт, а месцамі выпала больш за 1,5 месячнай нормы ападкаў".

У пятніцу, 28 ліпеня, ноччу па Гомельскай і Магілёўскай абласцях, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах з навальніцамі. Месцамі па паўднёвым усходзе краіны дажджы будуць моцнымі. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 13-19 градусаў цяпла, днём - 21-27 градусаў, па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 30 градусаў.

У ноч на 29 ліпеня надвор'е яшчэ будуць вызначаць франтальныя раздзелы, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, у крайніх паўночна-ўсходніх раёнах - моцныя. Днём пад уплывам няўстойлівых паветраных мас балтыйскага паходжання ў асобных раёнах рэспублікі таксама не абыдзецца без кароткачасовых дажджоў. Месцамі прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу чакаецца ад 11 да 18 цяпла, днём - плюс 20-25 градусаў.

У нядзелю, 30 ліпеня, тэрыторыя краіны апынецца пад уплывам сфарміраванага ў цёплай паветранай масе антыцыклону з цэнтрам над поўднем Украіны. Будзе пераважна без ападкаў. Ноччу ў асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу будзе 11-16 градусаў, днём - плюс 22-28, у Брэсцкай вобласці паветра прагрэецца да 30 градусаў.

Ліпень развітаецца з намі вельмі цёплым надвор'ем, паабяцала Святлана Рыбакова. У панядзелак, 31 ліпеня, тэмпература паветра ноччу складзе 15-20 градусаў, днём - плюс 25-30, у паўднёвых раёнах будзе да 32 градусаў вышэй за нуль. Пад уплывам атмасфернага фронту ноччу па заходніх раёнах краіны, днём па паўночна-заходняй палавіне рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. На паўднёвым усходзе захаваецца ўплыў цёплага антыцыклону, таму будзе без ападкаў.

Жнівень пачнецца гарачым надвор'ем, але без навальнічных дажджоў не абыдзецца. У аўторак, 1 жніўня, у асобных раёнах рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу - 16-22 градусы цяпла, днём прагназуецца 25-31 градус, па поўдні паветра прагрэецца да 34 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі