Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2016, 17:57

Цеплавізары ў пунктах пагранічнага пропуску дапамогуць выявіць хворых на грып

18 студзеня, Мінск /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. У буйных пунктах пропуску на беларуска-ўкраінскай граніцы ў Гомельскай вобласці ўстаноўлены цеплавізары, якія даюць магчымасць выявіць у людзей на ранніх стадыях вірусныя інфекцыі, у тым ліку грып. Аб гэтым паведаміў БЕЛТА галоўны ўрач абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Тарасенка.

Калі ў грамадзяніна, які перасякае граніцу, будзе выяўлена высокая тэмпература, то далейшае развіццё падзей будзе залежаць ад ступені цяжкасці захворвання. Як мінімум, хворага агледзяць урачы брыгады хуткай дапамогі. Не выключаны варыянт шпіталізацыі. Такія меры прымаюцца па прычыне таго, што ў некаторых абласцях Украіны ўжо рэгіструецца высокі ўзровень захваральнасці на ВРВІ, а таксама ўводзяцца каранцінныя мерапрыемствы.

Паводле прагнозаў Беларускага нацыянальнага цэнтра па грыпе, сезонны ўздым захваральнасці ў краіне чакаецца ў канцы студзеня - пачатку лютага. Аднак аб эпідэміі размова не ідзе. "У нашай вобласці, напрыклад, ад грыпу прышчэплены прыкладна 41 працэнт насельніцтва. У склад апошняй вакцынацыі былі ўключаны некалькі штамаў грыпу, у тым ліку H1N1. Таму мы ўпэўнены, што сітуацыя не выйдзе з-пад кантролю", - адзначыў спецыяліст.

Цяпер у вобласці зарэгістраваны толькі адзінкавыя выпадкі захворвання, прычынай якіх стаў вірус грыпу групы В. Ёсць таксама невялікі рост колькасці выпадкаў вострых рэспіраторных захворванняў, што абумоўлены аднаўленнем пасля канікулаў заняткаў у школах. Тым не менш паказчык захваральнасці за апошні тыдзень амаль на 30 працэнтаў ніжэйшы, чым за аналагічны перыяд мінулага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі