Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 верасня 2016, 14:12

Цёплае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі чакаецца ў Беларусі ў выхадныя

29 верасня, Мінск /Валерыя Гаўрылава - БЕЛТА/. Цёплае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі чакаецца ў Беларусі ў выхадныя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны сіноптык службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Рыбакова.

"Верасень развітаецца з намі цёплым надвор'ем. У атмасферы ўстановіцца заходне-ўсходні перанос паветраных мас. На змену халоднаму паветру паўночных шырот прыйдзе цёплая паветраная маса з Заходняй Еўропы", - расказала сіноптык.

У пятніцу, 30 верасня, па паўночнай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Вецер чакаецца паўднёва-заходні ўмераны, удзень парывісты, у асобных раёнах Віцебскай вобласці парывы могуць дасягаць 15-18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 8 да 14 градусаў, у дзённы час паветра прагрэецца да 17-23 градусаў.

У бліжэйшыя выхадныя нас чакае цяпло. На тэрыторыю Беларусі прадоўжыць паступаць цёплае вільготнае паветра з Заходняй Еўропы. У суботу і нядзелю месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы будзе знаходзіцца ў межах 8-14 градусаў, удзень складзе ад 16 да 23, месцамі па Гомельскай і Брэсцкай абласцях паветра прагрэецца да 25 градусаў.

"Аднак пацяпленне будзе непрацяглым, на наступным тыдні зноў пахаладае. У пачатку тыдня тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам актыўных атмасферных франтоў, што перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы, яны выцесняць цяпло за межы рэспублікі", - адзначыла Святлана Рыбакова. 3 і 4 кастрычніка на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ў панядзелак складзе ад 8 да 14 градусаў, удзень - ад 14 да 19, а па паўднёвым усходзе краіны паветра паспее прагрэцца да 20-23 градусаў. У аўторак стане халадней: тэмпература панізіцца да 5-12 градусаў, а днём складзе ад 10 да 17 цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі