16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цёплае і дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Сёння трыццаціградусная гарачыня пакінула і паўднёвы ўсход Гомельскай вобласці. Паўночна-заходні вецер нясе да нас з Балтыйскага мора камфортнае летняе надвор'е. У бліжэйшыя выхадныя надвор'е абумовіць цёплая няўстойлівая паветраная маса, якая паступае да нас з Украіны", - расказалі ў Белгідрамеце.
У суботу, 18 жніўня, у асобных раёнах краіны, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абласцей прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Вецер будзе няўстойлівы слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-17 градусаў цяпла, удзень - плюс 22-29 градусаў.
У нядзелю, 19 жніўня, дажджы будуць ісці радзей. Уначы і раніцай месцамі прагназуюцца слабыя туманы. Вецер будзе няўстойлівы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 13-18 градусаў, удзень - 22-29 градусаў цяпла.
"Такія тэмпературы будуць на 2-5 градусаў перавышаць кліматычную норму, - адзначылі сіноптыкі. - Паводле папярэдняга прагнозу, у пачатку наступнага тыдня рэзкіх змяненняў у характары надвор'я не чакаецца, жнівень прадоўжыць радаваць нас цёплым летнім надвор'ем".-0-