Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 сакавіка 2017, 16:01

Цэнтр кліматычных даследаванняў створаны ў НАН Беларусі

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтр кліматычных даследаванняў створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

"Новая структура, якая ствараецца ў складзе Інстытута прыродакарыстання, будзе займацца правядзеннем навуковых даследаванняў па шэрагу важных напрамкаў. Сярод іх - даследаванне глабальнага і рэгіянальнага клімату і яго змяненняў пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў, навуковае забеспячэнне міжнародных абавязацельстваў у галіне кліматалогіі, распрацоўка фізічных асноў звышдоўгатэрміновых прагнозаў надвор'я і прагнозаў (сцэнарыяў) змянення клімату, уключаючы прагноз экстрэмальных кліматычных з'яў (засух, паводак, суровых і цёплых зім)", - растлумачылі ў прэс-службе.

Як было адзначана на пасяджэнні бюро Прэзідыума НАН, цяпер гаспадаркі краіны штогод церпяць значны ўрон з-за неспрыяльных умоў надвор'я і кліматычных змяненняў. Таму адным з галоўных напрамкаў Цэнтра кліматычных даследаванняў стане ацэнка ўплыву змянення клімату на кліматычна залежныя галіны эканомікі і распрацоўка рэкамендацый па іх адаптацыі. "Сёння вучоныя павінны праводзіць глыбокія навуковыя даследаванні ў галіне кліматалогіі ў кантэксце важнейшых сусветных дасягненняў і даследаванняў, каб аператыўна выпрацоўваць рэкамендацыі для розных галін эканомікі краіны", - падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

Сярод напрамкаў дзейнасці ўстановы, якая будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з навуковымі арганізацыямі і цэнтрамі НАН Беларусі, распрацоўка даведачных дапаможнікаў і нарматыўных дакументаў у галіне сельскагаспадарчай і будаўнічай кліматалогіі, рэкрэацыі, турызму, а таксама па ахове атмасфернага паветра ад забруджванняў (разам з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання). Сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам палярных даследаванняў будуць праводзіцца даследаванні змяненняў у атмасферы, гідрасферы, крыясферы і біясферы палярных шырот Усходняй Антарктыды для ўдасканалення існуючых мадэлей глабальных і рэгіянальных змяненняў.

Навуковым кіраўніком Цэнтра кліматычных даследаванняў стаў вядомы кліматолаг, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Логінаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі