Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лістапада 2015, 17:37

Тры візавыя цэнтры Італіі пачынаюць работу ў Беларусі ў лістападзе

2 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пасольства Італіі адкрывае тры візавыя цэнтры ў Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе італьянскай дыпламатычнай місіі ў Мінску.

Візавы цэнтр у Мінску пачне работу 16 лістапада, у Гомелі - 18 лістапада і ў Брэсце - 20 лістапада.

Мінскі візавы цэнтр размесціцца ў бізнес-цэнтры "Няміга Сіці" (вул. Няміга, 40); цэнтр у Гомелі - на вуліцы Рэчыцкай, 1А; у Брэсце - на вуліцы Гогаля, 82. Установы будуць адкрыты з панядзелка па пятніцу з 9.00 да 16.00 (акрамя дзяржаўных свят). У перыяд найбольшага наплыву наведвальнікаў магчыма ўвядзенне спецыяльнага графіка работы, які прадугледжвае дадатковы прыём, адзначылі ў прэс-службе.

З 2 лістапада заяўнікі змогуць забраніраваць час для падачы дакументаў на візу, скарыстаўшыся анлайн-паслугай папярэдняга запісу на сайце.

Кіраванне цэнтрамі ажыццяўляе кампанія TLScontact - пераможца тэндара па аказанні візавых паслуг на аснове аўтсорсінгу. Кампанія TLScontact з'яўляецца часткай кампаніі Teleperformance Group - сусветнага лідара на рынку візавых паслуг, што прадастаўляюцца па аўтсорсінгу.

У прэс-службе пасольства адзначылі, што паслугі візавых цэнтраў прадастаўляюцца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі італьянскім і беларускім заканадаўствамі. "Супрацоўнікі цэнтраў змогуць пракансультаваць наведвальнікаў адносна выдачы віз, прыняць анкеты і консульскі збор, зняць адпячаткі пальцаў і адсканіраваць фатаграфіі. На ўсіх этапах падачы заявы будзе забяспечаны высокі ўзровень бяспекі захоўвання асабістых даных і абароны канфідэнцыяльнасці, згодна з нормамі беларускіх і італьянскіх законаў", - запэўнілі ў прэс-службе.

Кошт паслугі складзе прыблізна 19 еўра без уліку невялікай камісіі за валютна-абменныя аперацыі, памер якой застанецца нязменным. Аплата паслуг і камісіі будзе ажыццяўляцца толькі ў беларускіх рублях.

У той жа час візавы аддзел пасольства Італіі ў Мінску прадоўжыць прыём заяў на нацыянальныя і шэнгенскія візы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі