Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2018, 11:57

Тэматычныя змены, інклюзія, профільныя лагеры - Карпенка аб прыярытэтах летняга аздараўлення

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей робіцца ўхіл на шматпрофільнасць. Аб гэтым 18 кастрычніка журналістам заявіў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка адзначыў, што штогадова 34-38 працэнтаў беларускіх дзяцей ва ўзросце 6-18 гадоў праходзяць летняе аздараўленне. Гэта тэндэнцыя стабільная і захоўваецца на працягу апошніх пяці гадоў. "Мы робім прыцэл на шматпрофільнасць летняга дзіцячага аздараўлення. У гэта паняцце ўваходзіць арганізацыя тэматычных змен, адпачынак для розных катэгорый дзяцей. У першую чаргу гэта інклюзія, у нас расце колькасць аздараўляемых дзяцей-інвалідаў", - сказаў ён. Паводле слоў міністра адукацыі, ствараюцца ўмовы, каб такія дзеці маглі адпачываць летам у загарадных выязных лагерах.

"Акрамя таго, мы робім вельмі сур'ёзны прыцэл на тых падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай сацыяльнай увагі. Гэта не толькі аздараўленне, але і розныя профільныя лагеры, напрыклад, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама студэнцкія будаўнічыя атрады", - праінфармаваў Ігар Карпенка.

Матэрыяльна-тэхнічная база загарадных лагераў істотна ўмацоўваецца. "Мы не скарацілі колькасць месцаў у загарадных лагерах і невыпадкова праводзім канферэнцыю па аздараўленні не на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня", а на базе лагера "Барок", які прыналежыць "МАПІД". Гэта ведамасны лагер, ён можа працаваць круглагадова, для функцыянавання ў зімовы перыяд тут ёсць аўтаномная сістэма ацяплення - кацельня на мясцовых відах паліва. Ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб падтрымаць уласнікаў лагераў у рамках дзіцячага аздараўлення. Яшчэ недзе гадоў 20 таму стан лагераў патрабаваў вельмі сур'ёзных укладанняў. Сёння карціна істотна мяняецца ў лепшы бок. Мы хочам паказаць на гэтым семінары, як ведамаснае прадпрыемства ўтрымлівае і эксплуатуе лагер, якія падыходы ў арганізацыі гэтай работы прымяняюцца, хто працуе ў педагагічным складзе", - падкрэсліў міністр.

У час аздараўлення дзеці таксама ўдзельнічаюць у многіх мерапрыемствах. Ігар Карпенка адзначыў: "Асаблівая ўвага ўдзяляецца комплексу мерапрыемстваў, праграм і падпраграм, якія працуюць у гэтых лагерах. Яны часам бываюць эксклюзіўныя, аўтарскія. Гэта выклікае жаданне ў дзяцей паехаць у пэўны лагер. Доўгі час у лагеры "Спадарожнік" працаваў педатрад "Ветразь", а ў бягучым годзе ён падзяліўся, частка працавала ў "Спадарожніку", а частка - на базе санаторыя-прафілакторыя "Палітэхнік" БНТУ. І дзеці хацелі паехаць менавіта туды, да гэтых важатых, канкрэтна да гэтых педагогаў, з якімі яны на працягу некалькіх гадоў былі знаёмы". Гэта сведчыць аб тым, што якасць работы педагога дае магчымасць папулярызаваць канкрэтны лагер.

"Мы рады, што практыка-арыентаванасць праграм падрыхтоўкі педкадраў у краіне істотна павялічылася. Студэнты педагагічных ВНУ і спецыяльнасцей выязджаюць у якасці валанцёраў, педагогаў, важатых у лагеры і спрабуюць сябе ў будучай прафесіі, пачынаючы з першага курса. Гэта важны фактар, які дае магчымасць адточваць уменні і навыкі", - дадаў ён.

У дзіцячым аздараўленчым лагеры "Барок" праходзіць сумесны выязны рэспубліканскі семінар-нарада Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва (РЦА), прысвечаны вынікам дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года. У ім прымае ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, дырэктар РЦА Генадзь Балбатоўскі, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, стацыянарных аздараўленчых лагераў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі