Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2018, 12:52

Святочныя мерапрыемствы да 100-годдзя органаў пагранічнай службы пачаліся з гашэння спецыяльнай маркі

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святочныя мерапрыемствы да 100-годдзя органаў пагранічнай службы пачаліся з гашэння спецыяльнай маркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонію гашэння маркі "100-годдзе органаў пагранічнай службы Беларусі" правялі сёння старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо і міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Кіраўнік пагранічнага ведамства адзначыў, што гэта першае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя органаў пагранічнай службы. "Гэта марка да святкавання юбілею 28 мая разляціцца па ўсім свеце, ёю скарыстаюцца філатэлісты. Усяго ж на працягу года такіх святочных падзей будзе шмат", - сказаў Анатоль Лапо. Ён таксама дадаў, што да 100-годдзя ведамства падрыхтаваны ўжо і зацверджаны Прэзідэнтам юбілейны медаль.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў у сваю чаргу падкрэсліў, што выпуск паштовай маркі да 100-годдзя пагранічнай службы - гэта знакавае мерапрыемства, такія падзеі заўсёды адзначаюцца выпускам мастацкіх вырабаў у мініяцюры. Ён таксама адзначыў узаемадзеянне двух ведамстваў. "Мінсувязі садзейнічала і будзе садзейнічаць далейшаму развіццю інжынернай інфраструктуры граніцы, што дасць магчымасць у поўнай меры забяспечыць ахову граніцы краіны, мір і спакой нашых грамадзян. У рамках дзяржпраграмы па лічбавай эканоміцы мы сур'ёзна ўзаемадзейнічаем па пытаннях інжынернага аснашчэння нашых граніц, і гэта ўзаемадзеянне будзе прадоўжана", - сказаў міністр.

Паштовы праект, які складаецца з мастацкай маркі, канверта "Першы дзень" і спецыяльнага памятнага штэмпеля быў падрыхтаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, прадпрыемствам "Белпошта" ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Беларусі. Дызайн - Таццяны Кавалёвай, тыраж маркі склаў 72 тыс.

Пагранічнае ведамства і Мінсувязі супрацоўнічаюць на працягу многіх гадоў. Дзякуючы міністэрству забяспечана стабільнае фінансаванне будаўніцтва новых аб'ектаў інтэграванай аховы Дзяржаўнай граніцы, якія аснашчаюцца перадавымі і эфектыўнымі тэхнічнымі сродкамі. Сёння ўсе аб'екты органаў пагранічнай службы, што знаходзяцца на значным аддаленні адзін ад аднаго, аб'яднаны шырокапалоснай сеткай устойлівай перадачы даных. Агульнай работай двух ведамстваў значна ўзмоцнена прысутнасць аператараў паслуг электрасувязі ў пагранічных раёнах. Многія работнікі сувязі, якія жывуць у прыграніччы, актыўна ўдзельнічаюць у ахове граніцы, з'яўляюцца членамі добраахвотных дружын.

Стагоддзе пагранічнай службы ў Беларусі адзначаць 28 мая. У гэты дзень у 1918 годзе дэкрэтам Савета Народных Камісараў была заснавана пагранічная ахова граніцы РСФСР. Менавіта гэту дату лічаць пунктам адліку сваёй гісторыі беларускія пагранічнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі