Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 ліпеня 2016, 13:24

Сума нанесенага непагодай урону папярэдне ацэньваецца ў памеры Br13 млн - Калінін

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума ўрону, нанесенага праходжаннем па тэрыторыі Беларусі магутнага цыклону, папярэдне ацэньваецца ў памеры Br13 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін перад пасяджэннем камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца ўрону, то, паводле папярэдняй ацэнкі, ён склаў Br13 млн. Мы будзем яшчэ раз падлічваць затраты і аптымізаваць іх. У той жа час "Белдзяржстрах" праводзіць работу па выплаце сродкаў у страхавых выпадках, гэта амаль Br600 тыс. Такім чынам, дзяржава аказала ўсялякае садзейнічанне па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі", - сказаў Анатоль Калінін.

Па ліквідацыі наступстваў непагоды была праведзена вялікая работа. "Трэба сказаць, што мы справіліся з ёй у самы кароткі перыяд. Гэта датычыцца аднаўлення народна-гаспадарчага комплексу краіны. Застаецца яшчэ амаль 50 дамоў, дзе не да канца завершаны работы, але ў іх грамадзяне практычна не пражываюць, або створаны ўмовы для першаснага ўкрыцця дахаў такога жылля ад пранікнення дажджавой вады. Акрамя таго, застаецца вялікі фронт работ па ліквідацыі буралому ў лясных масівах, і гэта работа будзе прадоўжана да канца года", - дадаў намеснік прэм'ер-міністра.

Ён падкрэсліў, што дзяржава і мясцовыя органы ўлады будуць і ў далейшым кантраляваць ход аднаўлення населеных пунктаў пасля непагоды, каб пазбегнуць выпадкаў завышэння кошту работ па будаўніцтве і рэканструкцыі будынкаў. "Мы будзем і ў далейшым ацэньваць сітуацыю і знаходзіць самыя кампрамісныя рашэнні, каб на наступствах стыхіі і аднаўленні ніхто не нажываўся", - растлумачыў намеснік прэм'ер-міністра.

Анатоль Калінін расказаў, што ў сталічным рэгіёне прайшло некалькі суботнікаў, дзе людзі бязвыплатна аказвалі дапамогу ў аднаўленні пашкоджанага жылля.

У сваю чаргу міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка звярнуў увагу, што, нягледзячы на тое што дзеянні па барацьбе з наступствамі непагоды дзяржорганы і мясцовыя ўлады вялі зладжана, здарэнне стала своеасаблівым экзаменам для дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, у час якога высветліліся некаторыя моманты, што патрабуюць дапрацоўкі. "Мы робім высновы і прымаем меры для ўдасканалення сваёй работы. Камісія па надзвычайных сітуацыях на папярэдніх пасяджэннях паставіла ўжо нам задачу па паляпшэнні інфармавання насельніцтва і яго навучанні дзеянням у выпадку стыхійнага бедства", - рэзюмаваў Уладзімір Вашчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі