Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 сакавіка 2018, 13:53

Субоцін: на прыёмах грамадзян не бывае больш і менш важных пытанняў

14 сакавіка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. На прыёмах грамадзян не бывае больш і менш важных пытанняў. Гэта адзначыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, размаўляючы 13 сакавіка з журналістамі пасля асабістага выязнога прыёму ў Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гучалі абсалютна розныя тэмы - зямельныя спрэчкі паміж суседзямі, добраўпарадкаванне двароў, напаўненне Года малой радзімы канкрэтнымі справамі. Сярод гэтых пытанняў няма менш і больш важных. Любое з іх вельмі значнае для канкрэтнага чалавека. Я быў тут, каб сустрэцца з людзьмі, пачуць, што іх хвалюе, і максімальна дапамагчы", - сказаў Аляксандр Субоцін.

У час прыёму некалькі разоў заходзіла размова аб добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і рамонце дарог. "Гэтыя праблемы хвалююць не толькі палачан. Яны актуальныя для жыхароў любога горада, у тым ліку Віцебска і Мінска. Такія пытанні патрабуюць пільнай увагі штогод, іх нельга вырашыць за адзін раз", - адзначыў інспектар па Віцебскай вобласці.

Ён падкрэсліў, што ўсе вусныя і пісьмовыя заявы, якія паступілі ад грамадзян, будуць дэталёва разгледжаны. "Над вырашэннем праблем будуць інтэнсіўна працаваць профільныя службы раёна і вобласці", - запэўніў субяседнік.

На прыёме закраналася тэма Полацка як асаблівага горада. Аляксандр Субоцін салідарны з палачанамі ў тым, што горад заслугоўвае большай увагі. "Полацк можна назваць душой нашай краіны. Ён адзін з тых гарадоў, якія маюць магутныя старажытныя духоўныя карані. Думаю, што Полацк з яго багатай цікавай гісторыяй чакае слаўная будучыня", - выказаў упэўненасць Аляксандр Субоцін.

Прыём доўжыўся каля шасці гадзін, на ім пабывалі амаль 30 чалавек. Акрамя палачан і жыхароў раёна магчымасцю асабістай сустрэчы з інспектарам па Віцебскай вобласці скарысталіся новапалачане і жыхары Ушач.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі