Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 кастрычніка 2016, 11:16

Старшыня Белстата расказала аб галоўных пытаннях перапісу насельніцтва-2019

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Органамі дзяржаўнай статыстыкі сфарміраваны пералік пытанняў для правядзення перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, паведаміла 24 кастрычніка журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перапісны ліст падрыхтаваны ўжо. "Мы плануем задаць у тым ліку пытанні дэмаграфічных установак насельніцтва. Прымаемыя меры далі вельмі добры вынік, і ўжо ў студзені-верасні першы раз з 1992 года атрыманы натуральны прырост насельніцтва, які склаў 518 чалавек. Гэта сапраўды перамога", - адзначыла яна.

Старшыня Белстата канстатавала, што асаблівую цікавасць уяўляе тое, якія меры будуць прымацца ў далейшым у галіне дэмаграфіі. Таксама важна інфармацыя аб сельскай гаспадарцы. "Няхай насельніцтва не перажывае, што будуць, напрыклад, пералічвацца дрэвы, і потым раптам з'явіцца падатак. Не. Гэта робіцца толькі для таго, каб статыстыка правільна падлічыла валавую прадукцыю сельскай гаспадаркі, не больш таго", - падкрэсліла Іна Мядзведзева.

У час папярэдняга перапісу насельніцтва ў 2009 годзе асноўнымі былі 9 напрамкаў. У працэсе перапісу-2019 іх колькасць будзе павялічана. Кіраўнік Белстата адзначыла, што ёсць базавыя пытанні, якія не змяняюцца. Гэта даходы, жыллёвыя ўмовы насельніцтва і іншае. Таксама ёсць пытанні, якія дапаўняюцца. На гэты момант вельмі распаўсюджанымі тэмамі з'яўляюцца працоўная міграцыя, дэмаграфічныя ўстаноўкі, а таксама адукацыя, паколькі грамадзяне атрымліваюць яе не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Перапіс будзе праведзены шляхам апытання спецыяльна падрыхтаваным часовым перапісным персаналам. Іна Мядзведзева паведаміла, што для гэтага будуць прыцягвацца работнікі дзяржаўных органаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, студэнты, пенсіянеры. Не выключана задзейнічанне беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Іна Мядзведзева нагадала, што без правядзення перапісу немагчыма пабудова дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных прагнозаў развіцця, прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў, якія датычацца размяшчэння працоўных рэсурсаў, пабудовы бюджэту, выдзялення сродкаў на ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт і г.д. Ад атрыманых даных таксама залежыць будаўніцтва інфраструктуры ў гарадах і рэгіёнах краіны, у тым ліку размяшчэнне школ, аўтобусных прыпынкаў.

Старшыня Белстата запрасіла да ўдзелу ў перапісе і заклікала ставіцца з разуменнем да перапісчыкаў.

Як паведамлялася, перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь пройдзе 4-30 кастрычніка 2019 года. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі