Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2017, 16:45

Старшакласнікі з 2017/2018 навучальнага года змогуць праходзіць дапрафесійную падрыхтоўку

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі старшакласнікі з 2017/2018 навучальнага года змогуць праходзіць дапрафесійную падрыхтоўку. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр адукацыі Ігар Карпенка пасля прыёму грамадзян у Савеце Міністраў.

"Мы з наступнага навучальнага года ў 10-11-х класах плануем укараняць дапрафесійную падрыхтоўку на выбар вучня. Па шэрагу спецыяльнасцей распрацаваны спецыяльныя праграмы, пасля праходжання якіх вучні атрымаюць пасведчанне па пэўнай прафесіі, напрыклад, муляр, цясляр, цырульнік", - сказаў Ігар Карпенка. Пры гэтым міністр адзначыў, што дапрафесійная падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца па жаданні школьнікаў і іх бацькоў, прымушаць нікога не будуць. Ва ўстановах прафтэхадукацыі будуць фарміравацца групы са школьнікаў, якія яшчэ ў час вучобы ў школе змогуць атрымаць навыкі пэўнай прафесіі. Навучанне будзе арганізавана ў тым ліку ў шосты школьны дзень.

"Захоча вучань прадоўжыць навучанне ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі - пойдзе вучыцца далей і атрымае адпаведны дыплом. Не захоча - атрыманыя раней навыкі спатрэбяцца ў жыцці", - сказаў Ігар Карпенка.

Цяпер у 8-9-х класах праводзіцца прафарыентацыйная работа. Дзеці наведваюць установы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе знаёмяцца са спецыяльнасцямі, іх асаблівасцямі.

Сёння ў час асабістага прыёму грамадзян былі закрануты пытанні, у тым ліку якія датычацца магчымасці змянення атэстата, арганізацыі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў школе, выказваліся прапановы па рэфармаванні сістэмы адукацыі. Міністр растлумачыў людзям, якія запісаліся на прыём, нюансы дзеючага заканадаўства, а таксама даручыў разабрацца ў кожнай праблемнай сітуацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі