Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 лістапада 2016, 11:07

Стагадовы рубеж пераадолелі 464 жыхары Беларусі

3 лістапада, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Стагадовы рубеж пераадолелі 464 жыхары Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Сярод рэгіёнаў краіны лідарам па колькасці доўгажыхароў традыцыйна з'яўляецца Гродзенская вобласць: тут на 1 кастрычніка бягучага года было 89 чалавек старэйшых за 100 гадоў. На другім месцы - Віцебская вобласць (70 чалавек), на трэцім - Мінская вобласць (68). У Гомельскай вобласці пражывалі 66 чалавек, якія адзначылі свой векавы юбілей, у Мінску - 59, у Брэсцкай вобласці - 58, у Магілёўскай вобласці - 54.

Трэба адзначыць, што жанчыны пераважаюць сярод айчынных доўгажыхароў у шэсць разоў: свой 100-гадовы юбілей ужо адзначылі 399 жанчын і 65 мужчын.

Паводле даных Мінпрацы і сацабароны, на 1 кастрычніка гэтага года ў рэспубліцы налічвалася пяць беларусаў ва ўзросце 110 гадоў і старэйшых, з іх два чалавекі, якія пражываюць у Гродзенскай і Мінскай абласцях, знаходзяцца ва ўзроставай катэгорыі 115 гадоў і старэйшыя.

Згодна з агульнапрынятай у геранталогіі класіфікацыі, да пажылых належаць людзі ва ўзросце з 60 да 75 гадоў, да людзей старэчага ўзросту - старэйшыя за 75 гадоў, да доўгажыхароў - пасля спаўнення 90 гадоў.

Паводле міжнародных крытэрыяў насельніцтва краіны лічыцца старым, калі ўдзельная вага жыхароў ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя перавышае 7 працэнтаў. Цяпер кожны сёмы беларус (14,4 працэнта) знаходзіцца ў гэтай узроставай катэгорыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі