12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сярэдні кошт 1 кв. м кватэр у Мінску з пачатку года павялічыўся на 14,6 працэнта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным кадастравым агенцтве Дзяржкаммаёмасці.
"У сталіцы ў верасні адзначаны рост сярэдняга кошту 1 кв. м кватэр. Калі ў жніўні гэты паказчык складаў Br2,56 тыс., то ў верасні - Br2,66 тыс. Адносна студзеня 2018 года сярэдні кошт квадрата павялічыўся на 14,6 працэнта, тады ён быў на ўзроўні Br2,32 тыс.", - адзначылі ў агенцтве.
У ліпені-верасні сярэдні кошт 1 кв. м кватэр у Мінску склаў Br2,57 тыс., што на 3 працэнты больш у параўнанні з другім кварталам і на 10 працэнтаў у параўнанні з першым. У абласных цэнтрах кошт кватэр у ліпені-верасні быў прыкладна ўдвая меншы.
Што датычыцца актыўнасці куплі-продажу кватэр, то ў трэцім квартале ў сталіцы было ажыццёўлена 3 тыс. здзелак - гэта на 16 працэнтаў больш, чым у цэлым у абласных цэнтрах. Сярод іх лідзіруе Гомель, дзе было заключана 609 дагавораў куплі-продажу. Агульны кошт прададзеных у Мінску кватэр склаў каля Br400 млн, у абласных цэнтрах - амаль Br150 млн. Пры гэтым найбольшы аб'ём рынку ў грашовым выражэнні адзначаўся ад продажу двухпакаёвых кватэр.
Кватэры ў новабудоўлях у ліпені-верасні часцей за ўсё куплялі ў Гродне. У гэтым горадзе было заключана 219 такіх дагавораў куплі-продажу - амаль палавіна ад усіх ажыццёўленых здзелак. У Мінску на першасным рынку было набыта 218 кватэр, у іншых абласных гарадах - у сярэднім па 35 кватэр. "Першасны рынак - кватэры ў шматкватэрных жылых дамах, продаж якіх ажыццяўляецца на працягу 365 дзён з дня ўводу дома ў эксплуатацыю", - растлумачылі спецыялісты.
У сталіцы ў трэцім квартале было набыта 46 кватэр з афармленнем іпатэчных крэдытаў, або 1,6 працэнта ад агульнай колькасці здзелак. У Гродне доля такіх здзелак складае 2,2 працэнта.
Статыстычная інфармацыя заснавана на даных рэестра цэн Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкаммаёмасці.-0-