Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2017, 10:54

Сярэднестатыстычны мужчына ў Беларусі: 37 гадоў, гараджанін, працуе, жанаты

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі, паводле папярэдніх даных, на пачатак бягучага года налічвалася 4 427 тыс. мужчын - на 6 тыс. больш, чым на пачатак мінулага года. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, на 1 студзеня 2012 года і на 1 студзеня 2013 года колькасць мужчын у краіне складала 4 398 тыс., на 1 студзеня 2014 года - 4 401 тыс., на 1 студзеня 2015 года - 4 409 тыс., на 1 студзеня 2016 года - 4 421 тыс.

У агульнай колькасці насельніцтва Беларусі на працягу доўгага перыяду часу ўдзельная вага мужчын застаецца нязменнай - 46,6 працэнта.

Тры чвэрці мужчынскага насельніцтва рэспублікі - гараджане. Кожны пяты мужчына (20,3 працэнта) жыве ў Мінску.

Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын складае 37 гадоў. Прычым мужчыны, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, старэйшыя за мужчын-гараджан (41 год і 36 гадоў адпаведна).

У агульнай колькасці мужчын 65 працэнтаў знаходзіцца ў працаздольным узросце, 16 працэнтаў - старэйшым за працаздольны, кожны пяты - ва ўзросце малодшым за працаздольны. У ліку занятых у эканоміцы рэспублікі мужчыны складаюць 49,3 працэнта. Традыцыйна пераважна мужчынскімі з'яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці, як прамысловасць, будаўніцтва і транспарт.

У 2016 годзе ў шлюб уступілі 64,5 тыс. мужчын, пры гэтым упершыню стварылі сям'ю 46,1 тыс. мужчын. Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб мужчын у 2016 годзе склаў 27,8 года, у паўторны шлюб - 41,3 года.

У сярэднім у Беларусі мужчыны ствараюць сем'і ва ўзросце 20-29 гадоў. Прычым кожны трэці мужчына, які ўступіў у шлюб у мінулым годзе, знаходзіўся ва ўзросце 25-29 гадоў, кожны чацвёрты - ва ўзросце 20-24 гады.

23 лютага адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэты дзень многімі ўспрымаецца таксама як свята мужчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі