Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2018, 16:35

Сіноптыкі прагназуюць у выхадныя снег і невялікі мароз

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў выхадныя захаваецца снежнае з невялікім марозам надвор'е, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На бягучым тыдні ў Беларусь прыйшла сапраўдная зіма, і хоць мароз аслабеў, але выпаў снег і ўсталявалася снежнае покрыва. Сёння ўдзень франты пайшлі на ўсход, надвор'е палепшылася, але ў бліжэйшыя суткі зноў чакаецца пагаршэнне ўмоў надвор'я. Чарговая сістэма атмасферных франтоў, што перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы, прыбавіць снегу, а ў далейшым і памацнеюць маразы", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 19 студзеня, чакаецца слабамарознае з ападкамі надвор'е. Уначы ў асноўным па паўднёва-заходняй палавіне краіны, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі прагназуецца снег, мокры снег, месцамі слабы галалёд. У асобных раёнах мяцеліца, па паўднёвым захадзе краіны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў марозу, удзень будзе ад мінус 5 да плюс 1 градуса.

У бліжэйшыя выхадныя чакаюцца невялікія маразы, цалкам прыдатныя для зімовага актыўнага адпачынку. У суботу, 20 студзеня, уначы і раніцай пад уплывам франтальных раздзелаў на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, удзень кароткачасовы снег чакаецца ў асноўным у паўночна-ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-7 градусаў марозу, удзень будзе ад нуля да мінус 5 градусаў.

У нядзелю, 21 студзеня, у асобных раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, на дарогах захаваецца галалёдзіца. Уначы будзе 3-9 марозу, удзень чакаецца 1-6 градусаў са знакам мінус.

У пачатку наступнага тыдня з ростам атмасфернага ціску прагназуецца марознае, па-зімоваму камфортнае надвор'е. У панядзелак, 22 студзеня, у асобных раёнах, пераважна па ўсходзе краіны, пройдзе кароткачасовы снег, на дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра складзе 5-11 градусаў марозу, удзень будзе 1-7 градусаў са знакам мінус.

У аўторак, 23 студзеня, у асобных раёнах таксама пройдзе кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература панізіцца да 5-12 градусаў, пры ясным небе месцамі да 14 марозу, удзень будзе ад мінус 3 да мінус 9 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі