Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 снежня 2017, 16:33

Савет ЕЭК устанавіў новыя правілы ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ў краіны ЕАЭС

21 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) устанавіў новыя правілы ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

Увесь 2018 год будуць дзейнічаць існуючыя нормы - бяспошлінна можна будзе ўвозіць тавары агульнай сумай не больш як 1,5 тыс. еўра і вагой да 50 кг.

У далейшым, згодна з рашэннем Савета ЕЭК, у саюзе будуць паэтапна зніжацца вагавыя і вартасныя ліміты бяспошліннага ўвозу тавараў у суправаджаемым багажы любым відам транспарту, акрамя паветранага. Са студзеня 2019 года ліміты знізяцца да 1 тыс. еўра і 50 кг адпаведна, а з 1 студзеня 2020 года - да 750 еўра і 35 кг. З 1 студзеня 2021 года з-за мяжы можна будзе бяспошлінна прывезці тавары на суму, што не перасягае 500 еўра, і вагой не больш за 25 кг.

"Змяненні не закранулі тавары, што ўвозяцца на тэрыторыю ЕАЭС у суправаджаемым багажы авіятранспартам, - падкрэслілі ў ЕЭК. - Падарожнічаючы самалётам, бяспошлінна прывезці з сабой з-за мяжы па-ранейшаму можна будзе пакупкі на суму да 10 тыс. еўра і вагой не больш як 50 кг".

У канцэпцыю паэтапнага зніжэння лімітаў трапілі і тавары, дастаўка якіх пакупніку з-за мяжы ажыццяўляецца праз міжнародныя паштовыя адпраўленні або перавозчыкам, у тым ліку пакупкі ў замежных інтэрнэт-магазінах. Згодна з рашэннем Савета ЕЭК, з 1 студзеня 2018 года ўстаноўлены ліміт на такія тавары ў 1 тыс. еўра і 31 кг на працягу аднаго каляндарнага месяца. З 1 студзеня 2019 года на працягу аднаго каляндарнага месяца без выплаты мытных пошлін, падаткаў можна будзе заказаць тавары на агульную суму да 500 еўра і вагой не больш як 31 кг. З 1 студзеня 2020 года нормы бяспошліннага ўвозу будуць зніжаны да 200 еўра і 31 кг. Пры гэтым будуць зняты ўсе абмежаванні па часе і колькасці заказаў. Акрамя таго, разам з нормамі бяспошліннага ўвозу з 1 студзеня 2020 года будзе істотна зніжана велічыня мытнай пошліны за перавышэнне лімітаў. Калі ў 2018-2019 гадах за перавышэнне нормы давядзецца заплаціць 30 працэнтаў кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кг вагі ў частцы перавышэння вартаснай або вагавой нормы, то ўжо ў 2020 годзе - 15 працэнтаў ад кошту, але не менш як 2 еўра за 1 кг лішку.

"Пры гэтым краіны могуць уводзіць дадатковыя абмежаванні, што зніжаюць нормы ўвозу", - падкрэслілі ў ЕЭК.

Цяпер у краінах ЕАЭС дзейнічаюць розныя нормы. У Казахстане, Кыргызстане і Расіі парог бяспошліннага ўвозу складае 1 тыс. еўра, у Арменіі - 200 тыс. драм (каля 350 еўра), у Беларусі - 22 еўра. Рашэнне Савета ЕЭК уніфікуе верхні парог бяспошліннага правозу. Новы Мытны кодэкс ЕАЭС дазваляе рабіць больш строгімі нормы бяспошліннага ўвозу на нацыянальным узроўні.

У рашэнні Савета ЕЭК пазначана, у якіх выпадках увоз на тэрыторыю ЕАЭС тавараў для асабістага карыстання магчымы з вызваленнем ад выплаты мытных пошлін і падаткаў. Таксама вызначаны катэгорыі тавараў для асабістага карыстання, пры ўвозе якіх грамадзянін павінен будзе заплаціць пошліну. Акрамя таго, у ім змешчаны пералік былых ва ўжытку тавараў, якія замежныя грамадзяне змогуць увезці ў ЕАЭС бяспошлінна на перыяд свайго знаходжання на тэрыторыі саюза і пералік катэгорый тавараў, што не адносяцца да тавараў для асабістага карыстання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі