Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 жніўня 2018, 09:03

Савет ЕЭК разгледзіць абмежаванні на перасячэнне граніцы Расіі і Беларусі для грамадзян іншых краін ЕАЭС

14 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) 24 жніўня разгледзіць абмежаванні на перасячэнне граніцы Расіі і Беларусі для грамадзян іншых краін ЕАЭС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

"Узаемнае прызнанне дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці сродкаў сувязі, у тым ліку планшэтаў і мабільных тэлефонаў, абмежаванні перасячэння расійска-беларускага ўчастка дзяржаўнай граніцы грамадзянамі іншых дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), забарона ўезду ў краіны ЕАЭС пры наяўнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, неабходнасць гарманізацыі патрабаванняў да падрыхтоўкі вадзіцеляў і іншыя пытанні ўнутранага рынку ЕАЭС абмеркавалі на Кансультатыўным камітэце па функцыянаванні ўнутраных рынкаў", - праінфармавалі ў прэс-службе.

"Віцэ-прэм'еры краін саюза падтрымалі такі фармат работы, калі на Кансультатыўным камітэце абмяркоўваюцца прапанаваныя краінамі ЕАЭС найбольш адчувальныя для іх перашкоды, пасля чаго канкрэтныя прапановы па іх устараненні штомесяц выносяцца на пасяджэнні Савета ЕЭК", - адзначыла член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі Карыне Мінасян.

У якасці найбольш адчувальнай перашкоды, у прыватнасці, названа неабходнасць паўторнага пацвярджэння адпаведнасці вырабленых у адной з дзяржаў ЕАЭС сродкаў электрасувязі (мабільных тэлефонаў, планшэтаў) абавязковым нацыянальным патрабаванням іншай дзяржавы - члена саюза. Па-ранейшаму важным пытаннем застаецца ўдзел у дзяржаўных (муніцыпальных) закупках краін-партнёраў. На гэты раз размова ішла аб прадастаўленні доступу да закупак праграмнага забеспячэння, распрацаванага ў дзяржавах ЕАЭС. У прыватнасці, было разгледжана пытанне аб найхутчэйшым запуску рэестра еўразійскага праграмнага забеспячэння.

"Члены Кансультатыўнага камітэта абмеркавалі перашкоду для свабоднага руху працоўнай сілы на ўнутраным рынку, звязаную з перамяшчэннем грамадзян дзяржаў ЕАЭС па тэрыторыі саюза. У прыватнасці, забарону ўезду, выдварэнне (дэпартацыю) працоўных дзяржаў-членаў, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама абмежаванне магчымасці перасячэння дзяржаўнай граніцы паміж Беларуссю і Расіяй грамадзянамі астатніх краін ЕАЭС наземнымі відамі транспарту", - сказалі ў ЕЭК.

Таксама было ўзнята пытанне аб адсутнасці гарманізацыі патрабаванняў да прафесійнай падрыхтоўкі вадзіцеляў. Акрамя таго, падведзены вынікі рэалізацыі мерапрыемстваў дарожнай карты па ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў на рынку саюза за I паўгоддзе: з 13 прадугледжаных мерапрыемстваў выканана сем. "Па шасці астатніх мерапрыемствах ЕЭК сумесна з дзяржавамі - членамі ЕАЭС працягвае актыўную работу, - дадалі ў прэс-службе. - Асобныя пункты дарожнай карты плануецца прадставіць ужо на бліжэйшым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі