Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 чэрвеня 2017, 15:51

Розніца ў цане беларускіх лякарстваў з імпартнымі аналагамі да 28 разоў - Міністэрства аховы здароўя

19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лекавыя прэпараты, выпускаемыя ў Беларусі, прадаюцца танней за імпартныя аналагі з розніцай у цане ад трох да 28 разоў, паведаміў сёння намеснік дырэктара Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці - начальнік упраўлення эканомікі і маркетынгу Міністэрства аховы здароўя Беларусі Віктар Шэін у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"У цэнавым сегменце беларускія лекавыя сродкі на ўнутраным рынку з'яўляюцца канкурэнтаздольнымі і даступнымі. Амаль 37 працэнтаў з іх коштам да $1 (у эквіваленце. - Заўвага БЕЛТА). У цэлым у Беларусі коштам да $5 выпускаюцца 85 працэнтаў лекавых сродкаў. Прэпараты айчыннай вытворчасці ў параўнанні з імпартнымі таннейшыя ад 3 да 28 разоў пры аналагічным саставе", - адзначыў Віктар Шэін.

Начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая нагадала, што ў СССР фармацэўтычная прамысловасць выпускала нязначную колькасць найменняў лекавых субстанцый шырокага выкарыстання. Асноўныя прэпараты імпартаваліся. "У незалежнай Беларусі быў узяты іншы курс. З'явіўся закон "Аб лекавых сродках". Фармацэўтычная прамысловасць была пастаўлена на новыя рэйкі. Дзяржаўная фармакапея Беларусі гарманізавана з еўрапейскай фармакапеей, нарматыўная база створана", - падкрэсліла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. На думку Людмілы Равуцкай, беларускія вытворцы лякарстваў могуць уступаць у рэкламе замежным калегам, аднак базіс закладзены і фармацэўтычная якасць у краіне знаходзіцца на належным узроўні.

У ходзе дыскусіі Віктар Шэін выказаў меркаванне аб неабходнасці ўзмацнення маркетынгавай дзейнасці айчыннымі вытворцамі лякарстваў і пашырэння прэпаратаў непасрэдна сярод урачэбнага складу і сярод насельніцтва, хоць і цяпер такой рабоце ўдзяляецца вялікая ўвага. Напрыклад, за пяць месяцаў бягучага года беларускія фармвытворцы прынялі ўдзел у амаль 5 тыс. розных канферэнцый з мэтай пашырэння свайго тавару.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі