Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 мая 2016, 14:40

Роўныя правы грамадзян і маладзёжная палітыка павінны стаць ключавымі тэмамі Форуму рэгіёнаў - Мясніковіч

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Роўныя правы грамадзян у гуманітарных пытаннях і маладзёжная палітыка павінны стаць ключавымі напрамкамі работы III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч у час пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На мой погляд, Форум рэгіёнаў павінен узяць два ключавыя напрамкі работы. Першы - гэта роўныя правы грамадзян у нашым саюзным будаўніцтве. Папярэднія форумы былі прысвечаны сельскай гаспадарцы і прамысловасці, мы абмяркоўвалі роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. Цяпер мы гаворым аб гуманітарным супрацоўніцтве. Было б вельмі добра, калі б мы ў большай ступені зблізілі пазіцыі. Другі напрамак - маладзёжная палітыка", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што паступалі прапановы правесці наступны, чацвёрты па ліку, Форум рэгіёнаў у Санкт-Пецярбургу і поўнасцю прысвяціць яго тэме маладзёжнай палітыкі. Гэта ініцыятыва абмяркоўваецца. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што разам з аспектамі эканамічнага і матэрыяльнага характару, пастаянная работа над якімі непазбежна, Беларусі і Расіі трэба развіваць супрацоўніцтва ў гуманітарнай і духоўнай сферы. "Можа, не ўдасца вырашыць усе пытанні, ці то медыцынская дапамога або пенсійнае забеспячэнне, умовы працы і адукацыі грамадзян, у рамках падрыхтоўкі і правядзення Форуму рэгіёнаў, але прадвызначыць, дамовіцца на будучае магчыма", - сказаў ён на заканчэнне.

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску 7-8 чэрвеня. Мэта мерапрыемства - пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дзяржаў у сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі