Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2018, 09:00

Рэканструктары аднавілі ключавыя моманты абароны Брэсцкай крэпасці

22 чэрвеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Ваенна-гістарычная рэканструкцыя "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць", прысвечаная 77-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прайшла ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэканструкцыя абароны цвярдыні над Бугам пачалася ў пяць гадзін раніцы - адразу пасля мітынгу-рэквіема. Месцам правядзення мерапрыемства не першы год ужо становіцца тэрыторыя Кобрынскага ўмацавання. У яго капаніры на 32-і дзень вайны цяжка паранены маёр Гаўрылаў прыняў свой апошні бой з ворагам. Момант паланення героя традыцыйна ўключаны ў сцэнарый рэканструкцыі.

Таксама гледачы ўбачылі атаку Самвела Матэвасяна, абарону 9-й пагранзаставы пад камандаваннем Андрэя Кіжаватава, фрагменты баёў на ўчастку граніцы, здачу ў палон дзяцей і жонак камсаставу. Акрамя ключавых момантаў абароны крэпасці былі ў рэканструкцыі і новыя: бой яфрэйтара Васіля Валакіціна, эпізод з жывым шчытом, затрыманне перабежчыкаў. Усё дзейства доўжылася каля 50 хвілін.

У пастаноўцы было задзейнічана больш за 500 аматараў гісторыі, а таксама піратэхніка, артылерыйская зброя, конныя раз'езды пагранічнікаў, матацыклы, бранявік, легкавы і грузавы аўтамабілі. Усяго ж для ўдзелу ў VIII Міжнародным ваенна-гістарычным злёце "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць" у Брэст прыбылі амаль 1,5 тыс. рэканструктараў з 11 краін - Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Украіны, Ізраіля, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Японіі, Кітая.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканкамы, абласны Цэнтр маладзёжнай творчасці, грамадскае аб'яднанне "Ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон", Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, абласны і гарадскі ваенныя камісарыяты.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі