Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 верасня 2017, 09:36

Распрацоўкі беларускіх вучоных выкарыстоўваюцца ў рэабілітацыі тэрыторый вакол АЭС "Фукусіма-1"

28 верасня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Распрацоўкі беларускіх вучоных выкарыстоўваюцца ў рэабілітацыі тэрыторый, забруджаных радыенуклідамі ў выніку аварыі на АЭС "Фукусіма-1". Аб гэтым паведаміў 27 верасня журналістам у Гомелі супрацоўнік даследчага інстытута ЕМ (Японія) Шуішы Акумота. Ён прымаў удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі "Радыебіялогія: выклікі XXI стагоддзя", прысвечанай 30-годдзю Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, размова ідзе пра мікраарганізмы, якія запавольваюць пераход цэзію з глебы ў расліны. У свой час вучоныя з Інстытута радыебіялогіі высветлілі, што дзякуючы некаторым асаблівасцям узаемадзеяння глебавых мікраарганізмаў з радыенуклідамі ўяўляецца магчымым зменшыць біялагічную даступнасць радыенуклідаў для раслін. "Выкарыстоўваючы распрацаваную імі тэхналогію, мы змаглі знізіць пераход цэзію ў расліны, а таксама павысіць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур", - адзначыў японскі вучоны.

У рабоце форуму, які праходзіць з 27 па 29 верасня, прымаюць удзел прадстаўнікі навуковых колаў з Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны і Японіі, а таксама спецыялісты і кіраўнікі органаў дзяржкіравання, члены пастаянных камісій Савета Рэспублікі. Удзельнікі канферэнцыі прааналізуюць розныя падыходы і задачы працэсу доўгатэрміновай рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, рэалізацыю контрмер для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя на аддаленым этапе пасля ядзерных аварый на Чарнобыльскай АЭС і на "Фукусіме-1", а таксама на Сяміпалацінскім выпрабавальным ядзерным палігоне. Таксама будуць прачытаны даклады аб існуючых сістэмах рэагавання пры надзвычайных сітуацыях у зонах радыеактыўнага забруджвання, разгледжаны пытанні прымянення сродкаў і метадаў падаўжэння жыцця чалавека і паляпшэння яго якасці ва ўмовах антрапагенна павышанага фону іанізуючых і неіанізуючых выпрамяненняў.

Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - вядучая навуковая ўстанова краіны ў галіне радыебіялогіі, створаная ў 1987 годзе пастановай Савета Міністраў БССР для вырашэння навуковых праблем ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 2003 годзе, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Беларусі аб канцэнтрацыі ў Гомелі навуковага патэнцыялу, які зоймецца пытаннямі ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, Інстытут радыебіялогіі пераведзены з Мінска ў Гомель.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі