Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 чэрвеня 2017, 17:17

Рашэнне пытання аб вадзіцельскіх правах працуючых у Расіі беларусаў аформлена пастановай саюзнага Саўміна

19 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Рашэнне пытання аб выкарыстанні вадзіцельскіх пасведчанняў грамадзянамі Беларусі пры ажыццяўленні ў Расіі прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці, звязанай непасрэдна з кіраваннем транспартнымі сродкамі, аформлена пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне якога адбылося 16 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, што паступіла ў БЕЛТА.

З 1 чэрвеня 2017 года ўступілі ў сілу палажэнні расійскага закона "Аб бяспецы дарожнага руху", якімі не дапускаецца кіраванне транспартнымі сродкамі на падставе замежных нацыянальных або міжнародных вадзіцельскіх пасведчанняў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці, звязанай непасрэдна з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

Пад дзеянне гэтай нормы падпадалі і грамадзяне Беларусі, якія часова пражываюць або часова знаходзяцца і працуюць у Расіі.

"У мэтах забеспячэння належнай практычнай рэалізацыі рашэння Вышэйшага Савета Супольніцтва Беларусі і Расіі ад 22 чэрвеня 1996 года нумар 4 "Аб роўных правах на працаўладкаванне, аплату працы і прадастаўленне іншых сацыяльна-працоўных гарантый" і дагавора паміж Расіяй і Беларуссю аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года, якія ўстанавілі, што грамадзяне Расіі і Беларусі маюць роўныя правы на ўдзел у гаспадарчай дзейнасці на тэрыторыях бакоў, а таксама што дакументы, выдадзеныя ў Беларусі і Расіі для рэалізацыі працоўных правоў і сацыяльна-працоўных гарантый іх грамадзян, прызнаюцца без легалізацыі, 16 чэрвеня прынята пастанова Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы", - адзначаецца ў паведамленні.

У Пастаянным камітэце растлумачылі, што для грамадзян Беларусі, якія часова пражываюць або часова знаходзяцца і працуюць у Расіі, з'яўляюцца дастатковымі вадзіцельскія пасведчанні, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі Беларусі, для кіравання транспартнымі сродкамі пры ажыццяўленні працоўнай дзейнасці ў Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі