27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работу над павышэннем надзейнасці электрасістэмы Беларусі на выпадак дрэннага надвор'я завершаць да канца года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін перад пасяджэннем камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для павышэння надзейнасці энергасістэмы ў цэлым і паветраных ліній электраперадачы ў прыватнасці вядзецца работа па распараджэнні кіраўніка дзяржавы. Да канца года мы павінны максімальна палепшыць сітуацыю, звязаную з абрывам ЛЭП", - сказаў Анатоль Калінін.
Ён адзначыў, што цяпер вядзецца работа па пашырэнні прасек, замене абсталявання на больш дасканалае і здольнае вынесці максімальную ветравую і снегавую нагрузку. "Мы робім усё для мінімізацыі адключэння спажыўцоў у населеных пунктах, асабліва аб'ектаў аховы здароўя, водазабеспячэння і іншых. У гэтым плане праводзіцца вялікая работа Міністэрствам энергетыкі і мясцовымі органамі ўлады, затрачваюцца немалыя сродкі", - звярнуў увагу намеснік прэм'ер-міністра.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка дадаў, што акрамя прыняцця мер, накіраваных на павышэнне надзейнасці ў энергасістэме, камісія па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў кантралюе пытанне забеспячэння ўсіх беларускіх рэгіёнаў электрагенератарамі для бесперабойнай падачы электрычнасці.-0-