Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 сакавіка 2018, 17:53

Работа са зваротамі грамадзян знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава сёння правяла асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, паведамілі БЕЛТА ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Наталля Качанава прыняла больш за 50 чалавек. Тэматыка разгледжаных пытанняў, як і раней, даволі разнастайная. Гэта і захаванне гістарычнай памяці народа, і патрыятычнае выхаванне моладзі, і работа грамадскіх арганізацый, развіццё бізнес-асяроддзя, праблемы фермерскіх гаспадарак, паляпшэнне жыллёвых умоў, парушэнне працоўных правоў і шэраг іншых пытанняў.

Звароты разглядаліся з удзелам запрошаных службовых асоб дзяржаўных органаў. Шэраг пытанняў быў вырашаны ўжо ў час прыёму. Па іншых - дадзены неабходныя даручэнні. Ход іх рэалізацыі Адміністрацыя Прэзідэнта будзе кантраляваць.

Гэта ўжо трэці прыём, які з пачатку года правяла Наталля Качанава. Два папярэднія былі выязнымі. Яны адбыліся на буйнейшым будаўнічым прадпрыемстве Мінска ААТ "МАПІД" і ў ходзе рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

Адміністрацыя Прэзідэнта прадаўжае на планавай аснове праводзіць прыёмы грамадзян. Тут адзначылі, што работа са зваротамі грамадзян будуецца ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства, а таксама высокімі патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы. Толькі ў 2017 годзе ў прыёмнай рэзідэнцыі Прэзідэнта прынята ў ходзе асабістага прыёму амаль 4,5 тыс. грамадзян. Штотыднёва, кожны чацвер, у адпаведнасці з графікам праводзяць асабісты прыём начальнікі галоўных упраўленняў, кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, кіраўнік спраў Прэзідэнта. Такім чынам выбудавана работа ва ўрадзе, рэспубліканскіх і мясцовых органах улады.

Асаблівы акцэнт, як і ў 2017 годзе, Аміністрацыя Прэзідэнта робіць на выязных асабістых прыёмах. "Гэта форма работы дае магчымасць аператыўна дапамагчы людзям, убачыць рэальную сітуацыю на месцах, пачуць аргументы грамадзяніна, які звярнуўся, ацаніць довады мясцовых органаў улады і ў выніку - прыняць рашэнне і дапамагчы канкрэтнаму грамадзяніну", - упэўнены ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Усяго ў 2017 годзе Адміністрацыя правяла 74 выязныя прыёмы, у час якіх прынята 1039 грамадзян і разгледжана 1056 пытанняў. У першым квартале 2018 года адбылося 20 прыёмаў на месцах. Пры гэтым такая практыка будзе прадоўжана на працягу ўсяго года.

Непасрэдна кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта на працягу 2017 года праведзена восем прыёмаў грамадзян. Наталля Качанава прыняла 188 чалавек, у тым ліку ў ходзе рабочых паездак па рэгіёнах краіны, сустрэч з працоўнымі калектывамі.

У Адміністрацыі Прэзідэнта асабліва падкрэслілі, што ні адзін зварот з просьбай аб асабістым прыёме кіраўніком Адміністрацыі не застаўся без увагі. Усе пытанні грамадзян былі накіраваны для разгляду па сутнасці ў дзяржаўныя органы, да кампетэнцыі якіх яны належаць.

Як адзначылі ў галоўным упраўленні па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, практыка правядзення асабістых прыёмаў паказвае, што асобныя грамадзяне злоўжываюць правамі, прадастаўленымі заканадаўствам. Нягледзячы на неаднаразовыя разгляды іх зваротаў, у тым ліку і ў ходзе асабістых прыёмаў, вычарпальныя адказы ад дзяржаўных органаў рознага ўзроўню, яны працягваюць звяртацца па тых жа пытаннях. Тым самым ушчамляюцца правы іншых грамадзян, якім неабходна рэальная дапамога. "Іншымі словамі, выкарыстоўваючы сваё права, грамадзянін не павінен забываць і пра свае абавязкі перад грамадствам. У гэтым выпадку: не дапускаць сваімі неабгрунтаванымі скаргамі адцягнення спецыялістаў ад разгляду праблем іншых грамадзян", - растлумачыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Хрысціна Побаль.

Выязныя прыёмы прадэманстравалі недастатковы ўзровень работы па пытанні растлумачэння парадку зваротаў грамадзян. Часта людзі, не ведаючы, куды ім трэба звярнуцца для вырашэння той ці іншай праблемы, ідуць адразу ж у рэспубліканскія органы, ігнаруючы мясцовы ўзровень. Аналіз зместу зваротаў, што паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта ў 2017 годзе, паказвае, што 64,4 працэнта ад іх агульнай колькасці належаць да кампетэнцыі мясцовых органаў улады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі