Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2018, 14:27

Пытанні падрыхтоўкі да паводкі абмеркавалі на камісіі па НС пры Саўміне

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні падрыхтоўкі да веснавой паводкі абмяркоўваюцца сёння на камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў Беларусі. Аб гэтым паведаміў журналістам перад пасяджэннем намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Першае пытанне, якое разглядаецца на камісіі, звязана з паводкавай сітуацыяй. Мы сёння прагназуем, што ў перыяд з 15 па 25 сакавіка будзе актыўнае раставанне, адпаведна, і рух вады ў рэках, адбудзецца падтапленне. Паводле прагнозаў, каля 140 населеных пунктаў будуць нязначна падтоплены. Калі гаварыць аб дамах, то гэта больш за 6 тыс. Гэта могуць быць падвалы, недзе двары, але, на наш погляд, не будзе такіх пагроз з высокімі ўзроўнямі вады, дзе давядзецца прымаць экстранныя меры, - сказаў віцэ-прэм'ер. - 6 тыс. дамоў - гэта прагноз. Мы плануем, што гэта будзе значна меншая лічба. І падтапленні могуць быць розныя: вада можа з'явіцца ў двары або каля домаўладання, і гэта зусім не значыць, што нейкія складанасці ўзнікнуць, пэўныя нязручнасці могуць быць, але ў нас прадугледжаны ўсе ахоўныя і папераджальныя меры".

Адпаведныя службы гатовы, падрыхтаваны сродкі першай неабходнасці, месцы для эвакуацыі, калі гэта спатрэбіцца, а таксама падвоз прадуктаў, адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. "Алгарытм распісаны кожнаму ведамству, кожнаму дзяржоргану - што рабіць у дадзенай сітуацыі. Мясцовыя органы ўлады ўжо цяпер працуюць па папераджальнай частцы, - паведаміў Анатоль Калінін. - Я лічу, што паводкавы перыяд мы пройдзем спакойна, а калі нейкія будуць узнікаць сітуацыі, то мясцовыя ўлады і падраздзяленні МНС справяцца з імі".

Па максімальна негатыўным сцэнарыі ў гэтым годзе з улікам бягучай гідраметэаралагічнай абстаноўкі і цячэння паводкі, а таксама магчымага ўскладнення паводкавай сітуацыі найбольш верагодны затапленні ў 43 раёнах краіны, яны не будуць мець глабальнага характару. У Брэсцкай вобласці гэта Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны. У Віцебскай - Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Мёрскі, Аршанскі і Сенненскі. Гомельская вобласць: Брагінскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Чачэрскі раёны. Гродзенская вобласць: Бераставіцкі, Навагрудскі, Слонімскі і Смаргонскі. Мінская вобласць: Барысаўскі, Пухавіцкі, Стаўбцоўскі. Магілёўская вобласць: Бабруйскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Хоцімскі і Шклоўскі раёны.

Складаная абстаноўка чакаецца ў Гомельскай вобласці, дзе большасць затапленняў будзе ад вялікіх рэк, а таксама ў Магілёўскай вобласці, дзе затапленні будуць назірацца ў асноўным ад малых рэк.

У сувязі з зімовымі паводкамі рэгістраваліся выпадкі падтаплення ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Сёння застаецца затопленым адзін участак аўтамабільнай дарогі Лучыцы - Хвойня ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці ад ракі Пціч.

Органы кіравання па надзвычайных сітуацыях, сілы і сродкі Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый знаходзяцца ў рэжыме пастаяннай гатоўнасці, сфарміравана 16 зводных атрадаў шасцігадзіннай гатоўнасці прыбыцця ў любую кропку краіны. Для правядзення неабходных мерапрыемстваў па крыгаломе рэк тры групы выбуховатэхнічнай службы МНС знаходзяцца ў гатоўнасці ў месцах сваёй дыслакацыі. Пры неабходнасці будуць прыцягнуты падрыўнікі Мінабароны - восем груп.

Своечасова праводзіцца работа па інфармаванні насельніцтва з правядзеннем сельскіх сходаў, растлумачэннем магчымых наступстваў веснавой паводкі і неабходных дзеянняў насельніцтва зыходзячы з абстаноўкі, што складваецца.

Для інфармавання насельніцтва ў перыяд паводак аб існуючай абстаноўцы з затапленнямі ад рэк, а таксама аб прагназуемых затапленнях выкарыстоўваецца распрацаваная інтэрактыўная карта, якая даступна на сайтах МНС, БЕЛТА і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама ў мабільным дадатку МНС "Дапамога побач". Карта забяспечана памяткай для насельніцтва ў перыяд паводак. Абнаўленне даных для карты ажыццяўляецца штосутачна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі