Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 лістапада 2017, 17:34

Птушкай 2018 года ў Беларусі аб'яўлены чорнагаловы шчыгол

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Птушкай 2018 года ў Беларусі аб'яўлены чорнагаловы шчыгол, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчына" (АПБ).

Птушка 2018 года "загняздуецца" на фасадзе дома ў гарадскім пасёлку Карма на Гомельшчыне, паколькі ў 2017 годзе шчыгол стаў афіцыйным сімвалам-птушкай Кармянскага раёна. Сумесна з Нацыянальным банкам і РУП "Белпошта" плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. У гарадах і райцэнтрах пройдуць экскурсіі "У пошуках птушкі года", а на тэрыторыях, якія насяляе шчыгол, з'явяцца папераджальныя таблічкі "Тут спявае шчыгол - птушка года!". Спампаваць макет таблічкі на сайце АПБ і паставіць у патрэбным месцы зможа кожны. Там жа можна знайсці прэзентацыю аб жыцці птушкі 2018 года і паслухаць спевы шчыгла.

Самых маленькіх удзельнікаў "Птушкі года" чакаюць конкурсы. У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, 5 чэрвеня, па ўсёй краіне пройдзе конкурс "Птушка-арт", дзе трэба будзе пабудаваць з людзей сілуэт птушкі, а юныя мастакі паспрабуюць сілы ў мастацкім конкурсе "Што есць шчыгол?"

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы звярнуў увагу на тое, што шчыглы выбіраюць для гнездавання зялёныя пасадкі населеных пунктаў, у тым ліку прыдарожныя палосы, паркі, скверы. "Але апошнія гады ўсё больш востра стаіць праблема моцнай і часткова неабгрунтаванай абрэзкі многіх дрэў, калі ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ вялікая праблема - поўная высечка дрэў і кустоўя, зялёных зон для гарадской забудовы, для пракладкі камунікацый і па іншых прычынах. З-за гэтага прыдатныя мясціны для гнездавання шчыглоў, ды і іншых відаў птушак, скарачаюцца. Акрамя таго, шчыглы харчуюцца насеннем пустазелля, асабліва ў зімовы час. Выкошванне пустэч пакідае іх галоднымі ўзімку", - расказаў ён. Адна з мэт кампаніі "Птушка года" - прыцягнуць увагу да птушак і неабходнасці захавання мясцін, якія яны насяляюць, а таксама да дзікай прыроды ў цэлым.

Чорнагаловы шчыгол - яркая, прыкметная птушка, якой англічане далі мянушку Goldfinch - залаты ўюрок. Любімыя мясціны гнездавання шчыгла - гарадскія зялёныя пасадкі, сады, лясныя ўзлескі. У красавіку птушкі разбіваюцца па парах. Песня шчыгла - звонкія, нягучныя і лёгка запамінальныя трэлі. Птушанят яны выкормліваюць насякомымі. Асабліва любіць гэты від лісцевых мошак на маладых парастках.

З гэтай птушкай прасцей за ўсё пазнаёміцца восенню або зімой. Пустэчы на ўскраінах гарадоў з зараснікамі чартапалоху - любімыя мясціны шчыглоў. Іх звычайны корм у гэты час - насенне пустазелля (дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, валошкі, цыкорыі, дзьмухаўцу і многіх іншых).-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі