Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 чэрвеня 2018, 16:09

Прыняцце ўказа аб цеплавой мадэрнізацыі жылля чакаецца ў ліпені - Калінін

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыняцце ўказа аб цеплавой мадэрнізацыі жылля ў Беларусі чакаецца ў ліпені. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін сёння ў час IX Міжнароднай канферэнцыі "Энергаэфектыўныя будынкі XXI стагоддзя" ў Мінску.

Анатоль Калінін адзначыў, што цяпер ажыццяўляецца падрыхтоўка нарматыўнай базы і арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў для правядзення цеплавой мадэрнізацыі эксплуатуемага жылога фонду.

"Рыхтуем праект указа, які прадугледжвае стварэнне ўмоў для таго, каб уласнік кватэры быў зацікаўлены ўкладваць уласныя сродкі ў цеплавую мадэрнізацыю. Акрамя таго, плануецца задзейнічаць фонды інавацыйнага развіцця рэгіёнаў, сродкі мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на капітальны рамонт, а таксама выгадныя крэдытныя рэсурсы замежных фінансавых інстытутаў. Думаю, што не пазней за ліпень бягучага года кіраўнік дзяржавы разгледзіць і падпіша гэты ўказ", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён таксама ўпамянуў аб важнасці не толькі фінансавай, але і кансультацыйнай дапамогі міжнародных арганізацый і фондаў у вырашэнні задач энергазберажэння і энергаэфектыўнасці. "Вынікі праекта Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) па павышэнні энергаэфектыўнасці будынкаў наглядна сведчаць аб тым, што міжнародная практыка праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі жылля даступная і прымяняльная ў Беларусі", - падкрэсліў Анатоль Калінін.

У канферэнцыі "Энергаэфектыўныя будынкі XXI стагоддзя" ўдзельнічаюць амаль 150 спецыялістаў з 10 краін: Беларусі, Грузіі, Расіі, Турцыі, Узбекістана, Кыргызстана, Даніі, Арменіі, Туркменістана і Казахстана. Яна праводзіцца ў мэтах абмену лепшымі практыкамі ў галіне распрацоўкі стандартаў і норм энергаэфектыўнасці ў будаўніцтве, перадавых інжынерных сістэм і тэхналогій, новых будаўнічых матэрыялаў і сучаснай эксплуатацыі будынкаў. Сярод задач таксама павышэнне інфармаванасці грамадскасці аб мерах па павышэнні энергаэфектыўнасці ў жылым сектары.

Арганізатарам канферэнцыі выступае праект ПРААН-ГЭФ "Павышэнне энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Беларусі" і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Дэпартаменту ў 2018 годзе спаўняецца 25 гадоў. Мерапрыемства прысвечана дасягненням Беларусі за гэты перыяд у галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці і 15-годдзю партнёрства Дэпартамента з ПРААН у рэалізацыі сумесных праектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі