Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 мая 2017, 15:43

Прэзентацыя спецпраекта БЕЛТА "Мінск і мінчане" да 950-годдзя сталіцы прайшла на выстаўцы "СМІ ў Беларусі"

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя спецпраекта БЕЛТА "Мінск і мінчане", прысвечанага 950-годдзю беларускай сталіцы, прайшла сёння на XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМI ў Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты праект, што расказвае пра мінулае і сучаснае сталіцы, наведвальнікі сайта БЕЛТА могуць знайсці па адрасе minsk950.belta.by.

Спецыяльны праект складаецца з раздзелаў "Гісторыя горада", "Ганаровыя грамадзяне", "Мерапрыемствы". Праект дае магчымасць пагартаць старонкі гісторыі беларускай сталіцы, даведацца пра людзей, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з Мінскам, а таксама атрымаць аб'ёмную інфармацыю аб святочных мерапрыемствах, якія плануюцца на працягу бліжэйшых месяцаў у горадзе-юбіляры.

Сёння спецыяльны праект БЕЛТА "Мінск і мінчане" папоўніўся яшчэ адным раздзелам - "Параўнай Мінск". У ім размешчаны фатаграфіі: тыя, што зняты шмат гадоў таму, на якіх адлюстраваны вядомыя вуліцы і будынкі Мінска, і сучасныя здымкі тых жа будынкаў і вуліц. У пэўным сэнсе госці выставы сталі першаадкрывальнікамі гэтай рубрыкі, прыняўшы ўдзел у віктарыне. На экране з'яўляліся гістарычныя здымкі, затым іх змянялі фатаграфіі, на якіх адлюстраваны сучасны Мінск. Госці выстаўкі паказалі сябе знатакамі роднага горада.

Спецыяльны праект будзе пастаянна абнаўляцца і напаўняцца цікавымі фактамі і расказамі пра Мінск і мінчан.

XXI Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праходзіць 3-6 мая ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Форум дае магчымасць прадэманстраваць гісторыю развіцця СМІ ў Беларусі на прыкладах найстарэйшых выданняў, а таксама прадставіць новыя камунікацыйныя тэхналогіі, шляхі распаўсюджвання разнапланавай, якаснай, аператыўнай інфармацыі ўсімі даступнымі каналамі камунікацыі, у першую чаргу мультымедыйнымі.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, НВЦ "Белэкспа" пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, Дома прэсы, Беларускага саюза журналістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі