Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 чэрвеня 2016, 10:48

Праграмы сацыяльнага забеспячэння не будуць урэзаны - Мясніковіч

30 чэрвеня, Мінскі раён /Алена Прус - БЕЛТА/. Праграмы сацыяльнага забеспячэння ў Беларусі не будуць урэзаны. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні круглага стала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як бы ні складвалася сітуацыя ў эканоміцы, сацыяльная падтрымка грамадзян і сем'яў, якія знаходзяцца па аб'ектыўных прычынах у складанай жыццёвай сітуацыі, застаецца адным з галоўных прыярытэтаў нашай дзяржавы, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Калі мне задаюць пытанне, ці не пагоршыцца сацыяльнае забеспячэнне ў цяперашніх няпростых умовах, у тым ліку абумоўленых знешнімі прычынамі, ці не будуць урэзаны сацыяльныя праграмы, я адназначна адказваю - не. І гэта замацавана ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку, праект якой быў разгледжаны і адобраны на Усебеларускім народным сходзе. Сацыяльныя стандарты ў адносінах да сацыяльна слабаабароненых катэгорый насельніцтва будуць захаваны".

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што прававыя, арганізацыйныя і фінансавыя аспекты сістэмы сацыяльнага абслугоўвання ўрэгуляваны дастаткова добра, у тым ліку і новай рэдакцыяй закона "Аб сацыяльным абслугоўванні", якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2013 года. "Можна з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі створана комплексная нарматыўная прававая база, якая адпавядае сусветным стандартам у гэтай сферы, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Але жыццё не стаіць на месцы. З улікам правапрымяняльнай практыкі паступаюць новыя прапановы і ініцыятывы. І наша задача - не толькі маніторыць рэалізацыю закона аб сацабслугоўванні, але і карэкціраваць яго для забеспячэння даступнасці і павышэння якасці сацпаслуг, задаволення патрэбнасці людзей у сацабслугоўванні. Зроблена многае, але трэба рухацца далей".

Адзначыўшы значны прагрэс ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сацабслугоўвання, Міхаіл Мясніковіч сказаў, што лічыць неабходным разгледзець пытанні аплаты працы работнікаў гэтых устаноў (цяпер іх сярэдняя зарплата - адна з самых нізкіх сярод відаў дзейнасці). На яго думку, патрэбны дадатковыя меры сацыяльнай падтрымкі і стымулявання работнікаў арганізацый сацабслугоўвання.

Міхаіл Мясніковіч таксама лічыць мэтазгодным абмеркаваць, што трэба зрабіць на ўзроўні дзяржавы для стымулявання грамадзян, арганізацый і прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці да аказання падтрымкі сацустановам, да рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў. Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Савета Рэспублікі растлумачыў: "Размова не ідзе аб нейкіх падатковых ільготах. Патрэбны іншыя матэрыяльныя і маральныя стымулы, каб матываваць бізнес і жыхароў краіны да аказання сацпадтрымкі тым, хто ў ёй адчувае жыццёвую патрэбнасць. Не ўсё вымяраецца рублём - матывацыяй з'яўляецца і добрае слова ў адрас дабрачынцаў, у тым ліку ў СМІ. Гэта зусім не значыць, што дзяржава "ўмывае рукі" - яна прадоўжыць выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы, але разлічвае на пашырэнне партнёрства з грамадствам і бізнесам у гэтым пытанні".

Ён дадаў, што ў Беларусі нямала людзей і арганізацый, якія на сістэмнай аснове дапамагаюць дзіцячым дамам, дамам-інтэрнатам для інвалідаў і састарэлых. "Гэта парыў душы, воля сэрца. І на такіх прыкладах трэба фарміраваць грамадскую думку адносна дабрачыннасці", - лічыць Міхаіл Мясніковіч.

Спікер лічыць вельмі важным удзел сям'і ў забеспячэнні жыццядзейнасці састарэлых сваякоў, інвалідаў: "Нельга, каб у грамадстве (у першую чаргу ў моладзі) бытавала думка аб тым, што гэта справа выключна дзяржавы і нічыя больш.Абыякавасць да праблем і патрэб людзей, якія з-за ўзросту, хвароб часткова або поўнасцю страцілі дзеяздольнасць, - гэта не наша беларуская ментальнасць".

Пытанням удасканалення заканадаўства ў сферы сацыяльнага абслугоўвання ўдзяляецца вялікая ўвага, канстатавала міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. "З улікам узрастаючай колькасці пажылых людзей і павелічэннем сярэдняй працягласці жыцця мы і ў далейшым будзем працаваць па развіцці стратэгій дамашняга догляду, прыняцці дадатковых мер, накіраваных на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця прадстаўнікоў старэйшага пакалення, падтрыманне іх актыўнага даўгалецця", - запэўніла міністр.

У 2016 годзе з мэтай далейшага развіцця сістэмы сацыяльнага абслугоўвання запланавана ўнясенне змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні". Яго карэкціроўка абумоўлена неабходнасцю забеспячэння даступнасці і павышэння якасці сацпаслуг, задаволення патрэбнасці грамадзян у сацыяльным абслугоўванні.

У пасяджэнні круглага стала на тэму "Закон Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні": правапрымяняльная практыка, праблемы і напрамкі ўдасканалення прынялі ўдзел прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Мінгарвыканкама. Мерапрыемства адбылося ў ДУ "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў нумар 1" (Мінскі раён, Астрашыцкі Гарадок).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі