Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 мая 2019, 19:33

Праграма сямейнага капіталу даказала сваю высокую эфектыўнасць - Румас

29 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Праграма сямейнага капіталу даказала сваю высокую эфектыўнасць, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні разглядаўся ход рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады. Кіраўнік урада адзначыў, што пытанне не страчвае сваёй актуальнасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца перагляду дзеючых мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, выпрацоўцы новых эфектыўных падыходаў і механізмаў, што дадуць магчымасць змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Цяпер гэта работа практычна завершана.

"Праграма сямейнага капіталу зарэкамендавала сябе як эфектыўны стымул павышэння нараджальнасці. Сёння ўжо можна прызнаць высокую эфектыўнасць гэтай меры. У сярэднім тэмпы росту колькасці дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі, за 2015-2018 гады склалі 136,2 працэнта адносна 2011-2014 гадоў. Калі за той перыяд трэцімі і наступнымі нарадзіліся 61,1 тыс. дзяцей, то за апошнія тры гады - 83,2 тыс.", - удакладніў Сяргей Румас.

Праграму сямейнага капіталу плануецца прадоўжыць на бліжэйшы пяцігадовы перыяд (па 31 снежня 2024 года ўключна) з магчымасцю датэрміновага выкарыстання гэтых сродкаў для паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў, атрымання адукацыі, паслуг у сферы аховы здароўя. Разам з гэтым асноўнымі прыярытэтамі сярод мер па дадатковай падтрымцы сем'яў з дзецьмі застаюцца дзіцячыя дапамогі, жыллё, пенсійныя гарантыі шматдзетным маці, павышэнне даступнасці рэпрадуктыўных тэхналогій, у першую чаргу ЭКА. Менавіта на гэтых напрамках у бліжэйшай перспектыве будуць сканцэнтраваны намаганні ўрада.

Што датычыцца Брэсцкай вобласці, то ў дэмаграфічнай сітуацыі на працягу апошніх гадоў адзначаецца дадатная дынаміка. У рэгіёне традыцыйна адзін з самых высокіх паказчыкаў нараджальнасці, сярэдняя працягласць жыцця складае 74,7 года. На думку прэм'ера, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць праблемным раёнам, дзе захоўваюцца высокія паказчыкі агульнай смяротнасці насельніцтва, якія перавышаюць сярэднеабласны ўзровень. Гэта Драгічынскі, Ляхавіцкі, Пружанскі, Ганцавіцкі раёны. Пры гэтым у Ляхавіцкім, Іванаўскім, Ганцавіцкім і Пружанскім раёнах адзначаецца высокі ўзровень страты насельніцтва ў працаздольным узросце. "Трэба канкрэтна разабрацца ў прычынах гэтай сітуацыі. Неабходны дэталёвы аналіз і, самае галоўнае, вызначэнне і рэалізацыя канкрэтных мер па выпраўленні сітуацыі і прагназаванне яе развіцця ў далейшым", - адзначыў кіраўнік урада.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі