18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі распрацаваў праект правілаў работы з дакументамі ў электронным выглядзе ў архівах дзяржаўных органаў, іншых арганізацый. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінюста, паведамляе БЕЛТА.
Праект правілаў апублікаваны на сайце міністэрства. Яны будуць зацверджаны пасля прыняцця закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 года "Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе". Дзяржаўныя органы і арганізацыі цяпер ужо могуць азнаёміцца з гэтымі правіламі і выкарыстоўваць іх для планавання сваёй дзейнасці.
Як раней адзначалі ў дэпартаменце, у рэспубліцы праводзіцца работа па стварэнні архіваў электронных дакументаў. Адзіны нарматыўны прававы акт установіць правілы работы з электроннымі дакументамі ў архівах дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама парадак перадачы электронных дакументаў на пастаяннае захоўванне.
Стварэнне электронных дакументаў і ўмоў іх захоўвання ўжо актыўна выкарыстоўваецца ў практыцы работы дзяржаўных органаў і арганізацый. Адпаведна гэтыя пытанні з'яўляюцца вельмі актуальнымі.-0-