Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2019, 11:52

Праект Нацагляду жыллёвай гаспадаркі, гарадскога развіцця і землекарыстання падрыхтаваны ў Беларусі

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтаваны праект Нацыянальнага агляду жыллёвай гаспадаркі, гарадскога развіцця і землекарыстання Беларусі, ён будзе прадстаўлены ў кастрычніку бягучага года ў Жэневе. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Алег Швец на адкрыцці міжнароднага семінара "На шляху да рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года: кіраванне жыллёвым фондам, энергаэфектыўнасць будынкаў і ўстойлівае развіццё гарадоў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нацыянальны агляд распрацаваны сумесна з ЕЭК ААН, Праграмай ААН-Хабітат, міжнароднай і нацыянальнай групай экспертаў пры фінансавай падтрымцы Расіі. У ім дадзены рэкамендацыі ўраду па ўдасканаленні дзяржаўнай горадабудаўнічай, жыллёвай, зямельнай палітыкі, мадэрнізацыі жыллёвага фонду і іншых напрамках.

"Дакумент датычыцца ўсіх этапаў жыццёвага цыкла будаўнічай дзейнасці - землекарыстання, арэнднага жылля, іпатэкі, працэнтных ставак, падтрымкі маламаёмных груп насельніцтва, горадабудаўнічай палітыкі, энергаэфектыўнасці. Комплекс мерапрыемстваў адпрацоўваўся вялікай групай экспертаў на працягу больш як двух гадоў. Вынікі працы будуць прадстаўлены ў Жэневе ў кастрычніку, пасля перакладу на англійскую мову агляд уступіць у сілу", - адзначыў Алег Швец.

Усяго ў час абмеркавання паступіла 30 прапаноў, частка з якіх пакладзена ўжо ў аснову нарматыўных прававых актаў або знаходзяцца на разглядзе ў органах дзяржкіравання. Міжнародныя эксперты высока ацанілі праведзеную работу. "Тое, што такі праграмны дакумент распрацаваны, - вялікі прарыў у грамадстве. Ён дае магчымасць развіваць нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасці з міжнародным вопытам", - дадаў намеснік міністра.

Міжнародны навучальны семінар праходзіць 21-24 мая. Яго ўдзельнікі абмяркоўваюць лепшыя міжнародныя практыкі ў галіне кіравання жыллёвым фондам, утрымання жылля і кіравання ім, ролю прыватнага сектара, развіццё разумных устойлівых гарадоў, зялёнага горадабудаўніцтва, устойлівай энергетыкі і энергаэфектыўнасці. У тым ліку ў цэнтры ўвагі знаходзяцца праекты, рэалізаваныя ў Беларусі. Так, у апошні дзень семінара прадставяць пілотныя ініцыятывы па разумным горадзе і энергаэфектыўнасці ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці.

Семінар арганізаваны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва ў цесным узаемадзеянні з ПРААН, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, МЗС Беларусі, Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце. На пасяджэннях тэматычных секцый выступяць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Эстоніі, Арменіі, Казахстана, Грузіі, Украіны, Кыргызстана.

25 верасня 2015 года Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 70/1 "Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года" (Парадак дня-2030) і 17 зафіксаваных у ёй Мэт устойлівага развіцця, што аформіла новую арыентаваную ў будучыню канцэпцыю глабальнага ўладкавання, якая прадугледжвае гарманічнае развіццё дзяржаў і грамадстваў на аснове трох узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых кампанентаў: эканомікі, сацыяльнай сферы і экалогіі. Прыняцце Парадку дня-2030 запатрабавала ад усіх дзяржаў перагляду і канкрэтызацыі нацыянальных праграмных дакументаў, а таксама стварэння механізмаў для арганізацыі працэсу па выкананні МУР.

Беларусь выказала прыхільнасць да Парадку дня-2030 і зрабіла важныя захады для яе рэалізацыі на нацыянальным узроўні. У краіне сфарміраваны інстытуцыянальныя асновы для кіравання работай у галіне рэалізацыі МУР: заснавана пасада нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, сфарміраваны Савет па ўстойлівым развіцці. Пры савеце створаны рэгіянальныя групы, арганізавана партнёрская група ўстойлівага развіцця (у яе склад увайшлі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дзелавых і акадэмічных колаў). У Нацыянальным сходзе створана парламенцкая група па МУР.

Важным фактарам дасягнення МУР з'яўляецца ўзаемавыгаднае глабальнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, абмен ведамі і вопытам у сферы інавацый для ўмацавання патэнцыялу і перадачы тэхналогій у мэтах развіцця.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі