Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 студзеня 2017, 14:34

Прадстаўнікі каманд Каляднага турніру прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі

6 студзеня, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Прадстаўнікі каманд - удзельніц XIII Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі прынялі ўдзел у акцыі "Калядная традыцыя" і наведалі сёння Маладзечанскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат нумар 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Наведванне дзіцячых устаноў напярэдадні праваслаўнага Ражджаства з'яўляецца добрай традыцыяй каманд, якія прымаюць удзел у турніры. На гэты раз у госці ў маладзечанскую школу прыехалі хакеісты з Германіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Славакіі, Фінляндыі, Швейцарыі, каманды Балкан і Беларусі.

Віцэ-прэзідэнт федэрацыі хакея ААЭ Хамель аль-Кубаісі расказаў: "Удзел у акцыі "Калядная традыцыя" прымаем ужо трэці раз. Гэта добрая магчымасць павіншаваць са святам дзяцей, якія часта па розных абставінах знаходзіцца не дома. Для нашай каманды гэта акцыя з'яўляецца важнай часткай праграмы ў ходзе Каляднага турніру".

Камандзе Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў давядзецца сёння згуляць важны матч са зборнай Балкан, па выніках якога стане вядома, ці зможа ААЭ прадоўжыць барацьбу за ўзнагароды турніру. "На самай справе рэзультат для нас не самае галоўнае і мы не перажываем, як завершыцца гульня. Нам падабаецца атмасфера Каляднага турніру, хоць і ўзнагарода па выніках спаборніцтваў будзе прыемнай для нашай каманды", - адзначыў Хамель аль-Кубаісі.

Прадстаўнікі кожнай з каманд - удзельніц турніру прыехалі з падарункамі. Напрыклад, ігракі каманды Прэзідэнта Беларусі парадавалі дзяцей настольным аэрахакеем. Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Беларуская федэрацыя хакея, якія выступаюць арганізатарамі дабрачыннай акцыі "Калядная традыцыя", пералічылі маладзечанскай школе Br25 тыс. У час сустрэчы з камандамі дзеці прадэманстравалі свой навагодні паказ.

"Акцыя ў гэтым годзе праходзіць ужо пяты раз. "Калядная традыцыя" вельмі падабаецца гасцям нашых спаборніцтваў. Прадстаўнікі каманд загадзя, да прыезду ў Беларусь, цікавяцца, у якую адукацыйную ўстанову яны паедуць. Для хакеістаў гэта таксама свята, яны радуюцца, калі бачаць усмешкі дзяцей, якія часта ў сваім жыцці абдзелены ўвагай і клопатам. Стараемся, каб дзеці ў гэтыя навагоднія і калядныя святы радаваліся і не сумавалі", - адзначыў памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў.

Навучэнцы Маладзечанскай спецыялізаванай школы-інтэрната нумар 2 атрымалі ад гасцей каштоўныя падарункі, у тым ліку і новы камп'ютарны клас. У школе шмат увагі ўдзяляецца таленавітым вучням. Пачынаючы з 2012 года асобныя выхаванцы з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Шасцікласнік Данііл Савеня неаднаразова ўражваў "Мінск-Арэну" выдатным выкананнем гімнаў розных краін у час міжнародных хакейных матчаў. Школа-інтэрнат таксама ганарыцца спартыўнымі дасягненнямі сваіх выпускнікоў. За перыяд з 1990 па 2008 год інтэрнат выпусціў цэлую плеяду выдатных спартсменаў, з іх дванаццаць чэмпіёнаў і прызёраў Паралімпійскіх гульняў. Сёння родную ўстанову наведалі і два выпускнікі: чэмпіён свету па лёгкай атлетыцы Сяргей Бурдук, які з'яўляўся стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба з 2008 па 2012 год, і чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Афінах па Лёгкай атлетыцы Ігар Фартунаў.

Першая акцыя "Калядная традыцыя" адбылася ў 2013 годзе ў ходзе IX Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прызы Прэзідэнта Беларусі. Многія з удзельнікаў турніру гавораць, што едуць у беларускую сталіцу не толькі дзеля барацьбы за ганаровы трафей, але і каб падтрымаць добрае пачынанне: сустрэцца з дзецьмі і арганізаваць для іх сапраўднае свята.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі