Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 студзеня 2018, 20:01

Пра ролю жанчын у палітыцы і ўдзел моладзі ў выбарах - Ярмошына адказала на пытанні актывістаў БРСМ

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на семінары-практыкуме "Моладзь выбірае!" расказала пра ролю жанчын у палітыцы, удзел моладзі ў выбарах і аб прапановах па змяненні выбарчага заканадаўства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што вітае імкненне прадстаўніц прыгожага полу вылучацца кандыдатамі на дэпутацкае крэсла. Еўрапейская тэндэнцыя, калі не менш за 30 працэнтаў дэпутатаў складаюць жанчыны, у Беларусі таксама пацвярджаецца.

Цяпер на выбарах значную актыўнасць праяўляюць пажылыя людзі, у той час як моладзь застаецца ўбаку ад гэтай важнай у жыцці краіны падзеі. "Абыякавасць моладзі, нежаданне ўдзельнічаць у выбарах - загана сучаснага грамадства", - лічыць Лідзія Ярмошына. Аднак яна разлічвае, што новыя праекты і акцыі, якія ў тым ліку былі прэзентаваны сёння, дадуць магчымасць зацікавіць новае пакаленне і прыцягнуць іх на выбарчыя ўчасткі.

Да галоўных якасцей, якія павінен мець будучы дэпутат, старшыня Цэнтрвыбаркама аднесла ў першую чаргу сумленнасць і жаданне працаваць. Яна звярнула ўвагу на тое, што менавіта ў Мінску да кандыдатаў і арганізатараў выбарчай кампаніі прад'яўляюцца самыя высокія патрабаванні. У гэту выбарчую кампанію кожны сёмы прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла ў Мінгарсавеце маладзейшы за 30 гадоў, амаль 20 працэнтаў з іх - прадстаўнікі БРСМ. Больш за ўсё прадстаўнікоў моладзі вылучылі палітычныя партыі, найбольшую актыўнасць праявілі Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі.

На сустрэчы прагучала прапанова аб правядзенні конкурсу сэлфі, зробленых на выбарчых участках. Лідзія Ярмошына ў цэлым адобрыла ідэю, але звярнула ўвагу на некаторыя абмежаванні, у прыватнасці, забарону на фотаздымку бюлетэня.

Акрамя таго, маладых людзей цікавіла, ці плануе Беларусь уносіць змяненні ў выбарчае заканадаўства, сістэму датэрміновага галасавання, ці разглядаецца ўвядзенне электроннага галасавання. "Выбарчае заканадаўства пастаянна мяняецца, але гэта не глабальныя змяненні. І цяпер пры Цэнтральнай камісіі створана экспертная міжведамасная група, якая працавала над прапановамі АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства. Усе прапановы групы пададзены кіраўніку дзяржавы. У прыватнасці, прапануецца яшчэ больш аблягчыць пытанні вядзення перадвыбарнай агітацыі, пашырыць правы кандыдатаў у дэпутаты", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

Што датычыцца электроннай сістэмы галасавання, то, паводле яе слоў, Беларусь павінна імкнуцца да больш шырокага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. Першая задача - увядзенне электроннага рэгістра выбаршчыкаў. Затым, на думку Лідзіі Ярмошынай, варта было б дазволіць электроннае галасаванне для выбаршчыкаў за мяжой. Адмаўляцца ад датэрміновага галасавання не плануецца. "Гэта распаўсюджаная міжнародная норма. У многіх еўрапейскіх дзяржавах галасуюць датэрмінова, а ў Амерыцы датэрміновае галасаванне доўжыцца да 90 дзён, ёсць штаты, дзе ніякага іншага галасавання не існуе", - падкрэсліла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі