Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 жніўня 2017, 14:10

Платная завочная адукацыя ў Беларусі: меркаванні рэктараў ВНУ і экспертаў

Пытанні ўдасканалення і развіцця беларускай сістэмы адукацыі разгледжаны 15 жніўня на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам прэм'ер-міністра Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Удзельнікі закранулі шмат цікавых і важных тэм, актуальных для далейшага развіцця сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. На сустрэчы, у прыватнасці, быў агучаны шэраг новых ініцыятыў па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі. Адной з прапаноў стала перспектыва навучання студэнтаў на завочнай форме толькі на платнай аснове, за выключэннем асобных катэгорый. У сувязі з гэтым мы пацікавіліся меркаваннем рэктараў беларускіх ВНУ і экспертаў па гэтай і некаторых іншых тэмах, прапанаваных для абмеркавання грамадскасці.

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Марат Жылінскі:

- Лічу мэтазгодным зрабіць завочнае навучанне ў асноўным платным. Далей пакідаць яго такім жа шырока даступным, захоўваючы завочнае бюджэтнае аддзяленне, - занадта затратна. Адкрытая для ўсіх завочка - гэта няправільна. Ёсць сэнс пакінуць бюджэтнае завочнае аддзяленне для асобных спецыяльнасцей, звязаных, напрыклад, з атамнай энергетыкай. На рабочай сустрэчы абмяркоўвалася і новаўвядзенне, звязанае з тым, што выпускнікі школ змогуць паступаць на завочнае, маючы за плячамі хаця б год рабочага стажу. У Акадэміі кіравання ўжо з 2015 года не набіраюць на завочнае аддзяленне абітурыентаў, якія хочуць атрымліваць вышэйшую адукацыю на базе агульнай сярэдняй. Мы ўжо тады падлічылі, што, хутчэй за ўсё, завочка на базе агульнай сярэдняй будзе адыходзіць.

Рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў:

- Пытанне неабходнасці змен па гэтай форме навучання наспела. Але змяняць падыходы да яго неабходна паступова і акуратна, без рэзкіх рыўкоў, каб не сапсаваць тое добрае, што цяпер працуе.Ключавая ўвага павінна быць удзелена якасці адукацыі. Сёння ўзровень вочнай і завочнай адукацыі не адпавядае адзін аднаму. Шмат у чым такая сітуацыя абумоўлена тым, што арганізаваць высокаэфектыўны навучальны працэс на завочнай форме навучання значна больш складана і больш затратна, чым на дзённай. Ён патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі педагогаў, распрацоўкі і выдання асобных навучальных дапаможнікаў, праграм, добрага тэхнічнага забеспячэння ў выпадку работы па дыстанцыйнай форме. Усе мы ведаем, што таннае ў большасці выпадкаў якасным быць не можа і бясплатнага ўжо нічога няма. На дзённай форме навучання расходы за студэнта нясе дзяржава, на платнай завочнай - сам малады чалавек, яго бацькі або арганізацыя, якая яго накіравала. А вучыцца добра трэба і на дзённай форме навучання, і на завочнай.

Рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Сяргей Цімошын:

- У цэлым я станоўча стаўлюся да таго, каб завочнае навучанне ў Беларусі ў асноўным стала платным. Гэта форма існуе даўно, і яе трэба пашыраць далей. Тым не менш, пэўная невялікая колькасць бясплатных месц павінна застацца. Для самых дастойных. Для тых людзей, якія матываваны, працуюць па роднаснай або блізкай спецыяльнасці, скончылі каледж па сумежнай прафесіі і хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Існуючую практыку бесперапыннага навучання ў краіне трэба развіваць і далей. А платнае навучанне на завочнай форме можа стаць пэўным фільтрам. Інакш кажучы, навучацца будуць менавіта тыя працуючыя людзі, якія маюць намер павысіць узровень адукацыі, хочуць кар'ернага росту.

Рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Канстанцін Шабека:

- Я за тое, каб невялікую колькасць месц для атрымання бясплатнага завочнага навучання ўсё ж такі пакінуць. Бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі. У некага абставіны склаліся так, што ён павінен перавесціся з дзённага на завочнае. Ёсць людзі, якія скончылі, дапусцім, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную ўстанову. У іх паспяхова складваецца кар'ера, ім трэба расці, павышаць кваліфікацыю. А ім кажуць: "Плаціце". Чаму? Яны ж карысныя члены грамадства, працуюць, плацяць падаткі, ствараюць штосьці. Чаму не падтрымаць такіх людзей, якія маюць практычны вопыт? Бываюць і проста самародкі. Гэта рэдка, але нельга ім перакрываць кісларод. Калі завочнае навучанне зрабіць толькі платным, мы звузім магчымасці для гэтых людзей. Думаю, не толькі прадпрыемства павінна быць заклапочана падтрымкай такіх работнікаў, але і дзяржава - гэта ж чалавечы капітал.

Акрамя таго, сучасныя формы адукацыі павінны быць выключна гібкія і ісці ад жыцця, патрабаванняў часу. Я згодны, што завочнае навучанне шмат у чым ператварылася ў прафанацыю. Але, адмовіўшыся поўнасцю ад бясплатнай завочнай адукацыі, як бы нам, як казалі класікі, разам з бруднай вадой не выплюхнуць дзіця. Таму я не прыхільнік нейкіх крайніх мер. Яны, нібыта вырашаюць адну праблему, але ў той жа час ствараюць іншую. Існуюць нейкія больш спакойныя, нерадыкальныя рашэнні, якія больш адаптаваны да жыцця. Дапусцім, пакінуць у ВНУ адну невялікую групу завочнікаў-бюджэтнікаў. Гэтых месц і цяпер, у прынцыпе, няшмат. Напрыклад, калі 11 гадоў таму ствараўся Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, тры чвэрці нашага кагтынгенту былі завочнікамі і адна чвэрць - студэнты дзённай формы навучання. Цяпер усё наадварот: пры той жа колькасці ўжо тры чвэрці студэнтаў навучаюцца на дзённым і адна чвэрць - на завочным. Паступова мы пазбавіліся ад тых людзей, якія ішлі ва ўніверсітэт дзеля таго, каб атрымаць толькі пасведчанне аб вышэйшай адукацыі, і былі мала заклапочаны набыццём прафесійных ведаў. Такім ужо сярод нашых студэнтаў няма.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Андрэй Кароль:

- У ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуецца стратэгія комплекснага развіцця ўніверсітэта на 2016-2020 гады. Датычыцца яна павышэння якасці навучання і эфектыўнасці навуковай дзейнасці. Прадугледжвае стратэгія, у прыватнасці, павелічэнне колькасці навучэнцаў на другой ступені вышэйшай адукацыі ў адносінах да студэнтаў першай ступені. Мы робім універсітэт усё больш прывабным для абітурыентаў, але добрая якасць забяспечваецца перш за ўсё за кошт вочнай формы навучання. У 2017 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы колькасць студэнтаў на дзённай форме навучання прыблізна ў 1,5 раза перавысіла колькасць завочнікаў. І гэтыя суадносіны з кожным годам павялічваюцца за кошт таго, што студэнтаў завочнай формы навучання становіцца ўсё менш.

Стратэгія таксама прадугледжвае значнае павелічэнне долі магістрантаў. Усе абітурыенты практыка-арыентаванай магістратуры - прадстаўнікі знешніх заказчыкаў - прадпрыемстваў і арганізацый. Такая магістратура на сёння больш кароткая па часе, але больш гібкая і практыка-арыентаваная па сутнасці форма паглыбленай падрыхтоўкі спецыялістаў. Разам з тым завочная форма навучання застаецца запатрабаванай. Я згодны з тым меркаваннем, што атрымліваць адукацыю такім чынам павінны людзі, якія свядома робяць свой выбар. Тыя, хто, вобразна кажучы, "панюхаў пораху", прыйшоў пасля каледжа і працуе па спецыяльнасці. Мы павінны даваць максімальна якасную адукацыю, але забяспечвае яе, перш за ўсё, дзённая форма навучання. Завочная ж форма прадастаўляе магчымасць павысіць свой адукацыйны ўзровень, паспяхова канкурыраваць на рынку працы, не спыняючы працоўнай дзейнасці. Аплата за навучанне ў такой форме - гэта інвестыцыі ў сябе, у сваё развіццё.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк:

- Бясплатным завочнае навучанне можа быць толькі для тых, кто хоча павышаць сваю кваліфікацыю па выбранай прафесіі. Інакш кажучы, калі чалавек вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю пасля таго, як скончыў, напрыклад, каледж, прыйшоў на вытворчасць, папрацаваў і вырашыў расці ў прафесійным плане далей. Усе астатнія могуць вучыцца на завочным за грошы. Пры гэтым, лічу, кошт павінен быць рэальным, па поўным, што называецца, прэйскуранце. У Беларусі ж, і аб гэтым часта забываюць, няма платнай адукацыі ў чыстым выглядзе, калі гаварыць пра дзяржаўныя ВНУ. Як дзённае, так завочнае платнае не пакрывае ўсіх расходаў універсітэта, якія ён нясе ў працэсе падрыхтоўкі студэнта. Сам я не прыхільнік завочнай адукацыі па спецыяльнасцях, не звязаных з асноўнай прафесіяй. Калі параўноўваць дзённае і завочнае аддзяленне па сістэме падрыхтоўкі, то завочка - для самых адказных, добрасумленных і матываваных студэнтаў, якімі і будуць тыя, хто прайшоў ССНУ, мае стаж работы. У астатніх выпадках гэта бывае далёка не заўсёды. Таму прапанаваныя новаўвядзенні ў пэўнай ступені павінны садзейнічаць павышэнню прэстыжу і якасці вышэйшай адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі