Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 верасня 2018, 14:11

Пётр Клімук пра новыя планеты, малую радзіму і гасцінную Беларусь

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пра новыя планеты, малую радзіму і гасцінную Беларусь расказаў журналістам лётчык-касманаўт СССР ураджэнец Беларусі Пётр Клімук у кулуарах XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пётр Клімук выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён запрасіў Асацыяцыю ўдзельнікаў касмічных палётаў правесці чарговы кангрэс у беларускай сталіцы. "Вядома, гэта вельмі прыемна. Беларусь - краіна перадавая. Касманаўты, якія прыехалі сюды, ахаюць і дзівяцца. Здаецца ж, невялікая краіна, усяго з 10-мільённым насельніцтвам, а такая чысціня, так усё прыемна тут, і так сустракаюць добра", - падзяліўся ён уражаннямі.

Адказваючы на пытанне аб тым, якая будучыня чакае касмічную сферу, лётчык-касманаўт падкрэсліў, што за ёй будучыня. "Чалавек заўсёды імкнецца да новага. А касманаўтыка - гэта новае. Можа, мы яшчэ цывілізацыю якую-небудзь новую ўбачым, на планеце новай пабываем. Таму што ўсё развіваецца. Толькі паглядзіце, як на планеце за невялікі прамежак часу пайшоў наперад навукова-тэхнічны прагрэс", - адзначыў ён.

Пётр Клімук прызнаўся, што нярэдка бывае ў Беларусі, і кожны такі прыезд - свята. Ён падтрымлівае сувязь са сваёй малой радзімай - вёскай Камароўка Брэсцкага раёна. Там у яго засталася сястра Антаніна. Лётчык-касманаўт прызнаўся, што, нават знаходзячыся ў космасе, не забываў пра тое, адкуль родам. "Ці адчуваю я гонар ад таго, што быў у космасе? Тут не трэба ганарыцца, проста трэба быць удзячным тым, хто цябе выхоўваў, з кім ты жыў, сваім сябрам, родным за ўсё тое, што яны зрабілі для цябе, што табе так пашанцавала", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі