Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лістапада 2017, 11:17

Пераможцы XII Нацыянальнага фестывалю архітэктуры аб'яўлены ў Мінску

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узнагароджанне пераможцаў XII Нацыянальнага фестывалю архітэктуры, прысвечанага 950-годдзю Мінска, адбылося 11 лістапада ў сталічным Палацы мастацтваў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Беларускім саюзе архітэктараў.

Гран-пры аднаго з галоўных конкурсаў фестывалю - VII Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў "Леанарда-2017" - у раздзеле "Праект" атрымалі архітэктары з Македоніі Соня Мілачык, Анна Навумава, Анета Нікалава за работу "Захаванне, рэканструкцыя і адаптацыя царквы Святога Мікалая ў Маўраве". У раздзеле "Пабудова" лепшым прызнаны Аўстрыс Маіліціс з Латвіі за Шаалінскі лятучы тэатр у кітайскай правінцыі Хайнань. Пераможцамі ў розных намінацыях сталі архітэктары з Беларусі, Харватыі, Малдовы, Літвы, Латвіі, Македоніі, Польшчы, Славеніі, Перу. У гэтым годзе ў біенале прынялі ўдзел маладыя архітэктары з 17 краін, усяго больш за 120 праектаў. Конкурс праводзіўся пад эгідай Міжнароднага саюза архітэктараў і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў.

Былі таксама падведзены вынікі ХVIII Рэспубліканскага конкурсу на лепшы архітэктурны твор, у якім прынялі ўдзел праектныя, праектна-будаўнічыя прадпрыемствы, архітэктурныя бюро, творчыя майстэрні, індывідуальныя прадпрымальнікі, архітэктары, рэстаўратары, дызайнеры, скульптары.

Гран-пры за работу ў раздзеле "Пабудова" прысудзілі творчаму калектыву ТАА "Вараб'ёў і партнёры" за рэалізацыю праекта "Шматфункцыянальны комплекс у Мінску па пр. Пераможцаў, які ўключае атэль, спартыўны цэнтр, спадарожныя аб'екты, інфраструктуру". Перамогу ў раздзеле "Праект" прысудзілі творчаму калектыву ААТ "Брэстпраект" за будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці нумар 1 Камянецкага РАНС.

Журы нацыянальнага фестывалю вызначыла лепшых на XI Рэспубліканскім конкурсе дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі, а таксама на V Рэспубліканскім мастацкім конкурсе дзіцячага малюнка "Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей". У рамках фестывалю, які праходзіў у сталічным Палацы мастацтваў з 9 па 11 лістапада, адбыліся выстаўкі дызайнераў, скульптараў, манументалістаў, нацыянальных саюзаў архітэктараў краін блізкага і далёкага замежжа, а таксама прэзентацыі фірм і праектных прадпрыемстваў, семінары, тэматычныя канферэнцыі, мэтавыя форумы з абмеркаваннем дасягненняў, праблем архітэктуры і горадабудаўніцтва апошніх гадоў.

Фестываль праводзіў Беларускі саюз архітэктараў сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Падтрымку архітэктурнаму форуму аказвалі Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам, Міжнародны саюз архітэктараў (UIA), Міжнародная асацыяцыя саюзаў архітэктараў (IAUA), Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў.

Нацыянальныя фестывалі архітэктуры праводзяцца ў Беларусі з 1999 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі